Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане зьявіліся білборды з удзячнасьцю Пуціну за «BЯEXIT»


У Лёндане зьявіліся білборды з выявай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і заклікам «адзначыць чырвона-бела-блакітны Брэксіт». Пра гэта паведамляе Reuters.

Рэклямныя шчыты выкупіла група актывістаў Proud Bear. На двух зь іх знаходзяцца аднолькавыя фатаграфіі Пуціна, які падміргвае на блакітным фоне, з надпісамі, у якіх у слове BREXIT ангельская літара «R» заменена на кірылічную «Я». На яшчэ адным плякаце намаляваны пасьлядоўны апанэнт Брэксіту, былы міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Борыс Джонсан, з расейскімі сьцягамі і подпісам з таксама зьмененымі літарамі: «Дзякуй табе, BOЯIS».

На сваёй старонцы ў твітэры актывісты Proud Bear называюць сябе «калектывам расейскіх афіцэраў ГРУ», якія «гадамі дапамагаюць народу Англіі вызваліцца ад Эўрапейскага зьвязу і дэмакратычных выбараў».

На відэа, разьмешчаным Proud Bear, Пуцін катаецца на мопсе з галавой Аарона Бэнкса. Прадпрымальніка падазраюць у тым, што ён мог атрымліваць грошы на агітацыю за выхад краіны з Эўразьвязу ад Расеі. На днях Нацыянальнае крымінальнае агенцтва Вялікабрытаніі пачало расьсьледаваньне ў дачыненьні да Бэнкса.

Агенцтву Reuters удалося зьвязацца з прадстаўніком Proud Bear, які ў адказ даслаў заяву на расейскай мове, у якой гаворыцца, што група занепакоеная станам расейскай дэмакратыі і выступае супраць «аўтарытарных тэндэнцый Масквы». Аднак хто канкрэтна стаіць за гэтай акцыяй, прадстаўнік Proud Bear паведаміць адмовіўся.

23 чэрвеня 2016 года 52 адсоткі брытанцаў прагаласавалі на рэфэрэндуме за выхад Вялікабрытаніі з Эўразьвязу. Брытанскія ўлады раней заяўлялі, што ім не ўдалося знайсьці доказаў ўмяшаньня Расеі ў галасаваньне. Многія брытанцы не пагадзіліся з вынікамі рэфэрэндуму і да гэтага часу лічаць, што ў галасаваньне ўмяшаліся расейскія спэцслужбы. 20 кастрычніка сотні тысяч жыхароў Лёндану выйшлі на мітынг за паўторны рэфэрэндум.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG