Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гішпаніі расьсьледуюць спробу замаху на прэм’ер-міністра


Гішпанская паліцыя (архіўнае фота)

Гішпанская паліцыя затрымала мужчыну, які плянаваў замах на прэм’ер-міністра Пэдра Санчэса. У доме падазраванага прайшоў ператрус, там знайшлі арсэнал зброі, паведамляе газэта Publico.

Удакладняецца, што паліцэйская апэрацыя прайшла ў горадзе Тэраса непадалёк ад Барсэлёны тры тыдні таму, але яе падрабязнасьці сталі вядомыя толькі ў чацьвер. Затрыманы працаваў у прыватным ахоўным прадпрыемстве і валодаў ліцэнзіяй на нашэньне зброі. Паводле дадзеных сьледзтва, ён плянаваў адпомсьціць кіраўніку ўраду за пляны ўладаў правесьці эксгумацыю парэштак дыктатара Франсыска Франка.

У канцы жніўня ўрад Гішпаніі ўхваліў перапахаваньне парэшткаў Франка. Цяпер ён пахаваны ў мэмарыяльным комплексе Даліна загінулых, разьмешчаным у ваколіцах Мадрыда. Мэмарыял часта выкарыстоўваўся нацыяналістамі для цырымоній і сьвяткаваньня юбілеяў Франка.

Ініцыятыву перапахаваць дыктатара з самага пачатку падтрымліваў прэм’ер-сацыяліст Пэдра Санчэс. Паводле яго, Гішпанія «як сьпелая эўрапейская дэмакратыя ня можа дазволіць сабе сымбаляў, якія падзяляюць гішпанцаў». Супраць эксгумацыі выступае правацэнтрысцкая Народная партыя.

Франсыска Франка кіраваў Гішпаніяй з 1939 па 1975 год — пасьля таго, як узначаленыя ім нацыяналісты атрымалі перамогу над рэспубліканцамі ў грамадзянскай вайне. Падчас канфлікту загінулі каля паўмільёна чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG