Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія камуністы ледзьве не пабіліся каля помніка Леніну


Мітынг каля помніка, на які традыцыйна зьбіраюцца разам прадстаўнікі КПБ і Партыі левых «Справядлівы сьвет» скончыўся скандалам: камуністы розных партый паспрачаліся, хто зь іх «сапраўдны камуніст», а хто «здраднік».

На мітынгу было каля трох дзясткаў чалавек
На мітынгу было каля трох дзясткаў чалавек

Адзіны чырвоны сьцяг на мітынгу
Адзіны чырвоны сьцяг на мітынгу

Першым прамаўляць пра тое, што «Вялікі кастрычнік даў чалавеку права на жыцьцё» распачаў на прыступках помніка Аляксандар Дзядзінкін — першы сакратар Віцебскага абкама КПБ. Ён жа — дэпутат абласнога савету і дырэктар віцебскага філіялу міжнароднага ўнівэрсытэту «МІТСО». На мітынгу было й пару дзясяткаў студэнтаў, якім спадар Дзядзінкін даў у рукі па чырвоным гвазьдзіку.

Аляксандар Дзядзінкін - першы сакратар Віцебскага абкама КПБ, дэпутат і дырэктар ВНУ
Аляксандар Дзядзінкін - першы сакратар Віцебскага абкама КПБ, дэпутат і дырэктар ВНУ

Пасьля выступаў сакратароў трох віцебскіх райкамаў і спадара, які прадставіўся "старшынём Чыгуначнага саюзу афіцэраў" да прысутных зьвярнуўся Мікалай Селівашка, кіраўнік абласной структуры Партыі левых «Справядлівы сьвет». Дзядзінкін расцаніў гэты выступ як канкурэнцыю сваёй партыі. З крыкамі «Ідзіце адсюль, гэта ня ваш мітынг!» ён пачаў сьпіхваць спадара Селівашку з прыступак, а потым заклікаў сваіх аднадумцаў хутчэй ускладаць кветкі.

Чатыры гвазьдзікі — Леніну
Чатыры гвазьдзікі — Леніну

Але спрэчка на гэтым не спынілася. Каля помніка чуліся воклічы «Здраднікі!» і «Не, гэта вы здраднікі!». Удзельнікі ўрачыстага мітынгу яшчэ пэўны час махалі рукамі адно перад адным, высьвятляючы, хто зь іх «сапраўдны камуніст». Аляксандар Дзядзінкін неўзабаве зьехаў. Аднак да бойкі паміж імі не дайшло.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG