У Нямеччыне, у горадзе Мюнстэр, перад судом паўстаў былы ахоўнік СС, якога абвінавачваюць у саўдзеле ў масавых забойствах у канцлягеры Штутгаф падчас Другой усясьветнай вайны.
Як паведамляе ВВС, падсуднаму, які ў матэрыялах справы праходзіць пад імем Ёган Рэбоген, цяпер 94 гады. Паводле сьледзтва, ён служыў у лягеры Штутгаф на тэрыторыі сучаснай Польшчы з чэрвеня 1942 па верасень 1944 году.
Былому ахоўніку, які няздольны перасоўвацца без інваліднага вазка, пагражае 15 гадоў турэмнага зьняволеньня. Сам ён адмаўляе, што ведаў пра зьверствы ў канцлягеры.
Рэбоген разам зь іншым былым ахоўнікам СС падазраецца ў спрычыненасьці да забойства сотняў людзей у канцлягеры Штутгаф, у тым ліку атрутным газам «Цыклён Б».
Штутгаф у 1939 годзе стаў першым нацысцкім канцлягерам у акупаванай Польшчы. У гады Другой усясьветнай вайны тут загінулі больш за 85 тысяч чалавек.