Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісткі руху «Маці 328» даведаліся пра бунт у папраўчай калёніі пад Івацэвічамі


Папраўчая калёнія №22 пад Івацэвічамі
Папраўчая калёнія №22 пад Івацэвічамі

У папраўчай калёніі № 22 пад Івацэвічамі з суботы на нядзелю пачаліся забурэньні, паведаміла Свабодзе лідарка руху «Маці 328» Ларыса Жыгар.

Паводле яе, частка вязьняў выставіла патрабаваньні да адміністрацыі калёніі — спыніць перадузятае стаўленьне да асуджаных паводле 328 артыкулу Крымінальнага кодэксу, якіх караюць за дробныя парушэньні.

Актывісткі руху «Маці 328» дасылалі пэтыцыю кіраўніку дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Алегу Маткіну, але ніякіх захадаў зроблена не было. Днямі яны зьбіраюцца несьці новую пэтыцыю, а пакуль спрабуюць высьветліць, што цяпер адбываецца ў калёніі.

Маці аднаго зь вязьняў, якая была ў калёніі зь пятніцы да панядзелка на спатканьні з сынам, паведаміла Свабодзе, што жыла ў асобным памяшканьні на тэрыторыі калёніі, але чула незвычайныя крыкі.

«Увечары суботы раптам мы пачулі шматгалосныя крыкі, як крычаць на стадыёне. Потым сьціхла, потым зноў. Крычалі ў 22.20 пасьля адбою. Мы зьдзівіліся. Потым чулі, як па тэрыторыі міма нас правялі службовых сабак, пасьля ехала тэхніка.

Потым да панядзелка была цішыня, але вязьні сказалі, што кагосьці з начальнікаў адхілілі, камандуюць новыя, зь Берасьця», — сказала жанчына, якая папрасіла не называць яе імя.

У суполцы «Беларуская турма» ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» таксама зьявілася паведамленьне пра бунт у калёніі № 22. Аўтары паведамленьня адзначаюць, што атрымалі інфармацыю наўпрост з калёніі.

«Паўсталі ўсе асуджаныя, ва ўсіх атрадах. Заблякавалі дзьверы ў атрадах, некалькі прадстаўнікоў адміністрацыі атрымалі траўмы. Асуджаныя патрабавалі зьняць адміністрацыю! Усю нядзелю чакалі Маткіна, але ён не прыехаў», — гаворыцца ў паведамленьні, разьмешчаным у суполцы.

Прэс-служба дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС сытуацыю пакуль не камэнтуе.

«Дасылайце пісьмовы запыт», — адказалі карэспандэнту Свабоды ў прэс-службе.

Міністэрства ўнутраных спраў правярае інфармацыю пра бунт зьняволеных у папраўчай калёніі пад Івацэвічамі, паведаміў БелаПАН начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Георгі Яўчар.

«Пакуль правяраем», — сказаў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG