Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп і Абама правялі «палітычную дуэль» за два дні да выбараў


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і экс-кіраўнік дзяржавы Барак Абама ў нядзелю правялі «палітычную дуэль» напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, якія вызначаць, ці захаваюць рэспубліканцы кантроль над Кангрэсам. Пра гэта паведамляе Reuters.

Падчас выступу ў Джорджыі і Тэнэсі Трамп назваў дэмакратаў «бандыцкай шайкай» і абвінаваціў іх у спробе разбурыць амэрыканскую эканоміку, у той час як рэспубліканцы, на яго думку, ствараюць працоўныя месцы.

У сваю чаргу на мітынгу ў штаце Індыяна Абама заявіў, што здолеў стварыць больш працоўных месцаў за апошні 21 месяц на пасадзе прэзыдэнта, чым Трамп за свой першы 21 месяц. Ён раскрытыкаваў кантраляваны рэспубліканцамі Кангрэс і Трампа за спробы адмяніць дасягненьні мінулым адміністрацыі, а таксама за зьніжэньне падаткаў для заможных грамадзян.

У аўторак у Кангрэс абяруць 435 чальцоў Палаты прадстаўнікоў, а таксама 35 са 100 сэнатараў. На думку Трампа, галасаваньне стане своеасаблівым «рэфэрэндумам» пра стаўленьне насельніцтва да вынікаў яго першых двух гадоў прэзыдэнцтва.

Паводле апытаньняў, у дэмакратаў ёсьць высокія шанцы ўсталяваць кантроль над ніжняй палатай Кангрэса, паведамляе агенцтва. Гэта азначала б істотнае абмежаваньне заканадаўчых ініцыятыў Трампа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG