Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад прыездам Лукашэнкі палююць на катоў і сабак


Каты, якіх схавала маці музыкі Сержука Доўгушава
Каты, якіх схавала маці музыкі Сержука Доўгушава

Жыхары Балбасава на Віцебшчыне ў шоку: днямі пасёлак мае наведаць Аляксандар Лукашэнка, і камунальныя службы пачалі «зачышчаць тэрыторыю» ад катоў і сабак. Але палююць ня толькі на бадзяжных жывёлаў: мясцовыя жыхары скардзяцца, што ў небясьпецы і іхныя хатнія гадаванцы.

«Мая маці ратуе ад жывадзёраў дваровых коцікаў. У нядзелю ў Балбасава прыяжджае прэзыдэнт, усе на вушах і дзень і ноч будуюць, фарбуюць дамы, асфальт чысьцяць, мятуць. Галоўнае пасьпець! Засланыя нейкія жывадзёры ловяць, душаць, цэлымі мяхамі вывозяць катоў і сабак. У нас ужо ў кватэры каля пяці , якіх маці ўратавала», — напісаў у Фэйсбуку вядомы сьпявак Сяргей Доўгушаў, маці якога працуе ў Балбасаве.

Кот Кузя
Кот Кузя

Ледзьве пасьпела ўратаваць свайго гадаванца Кузю і жыхарка Балбасава Ганна Сьвішчова:

«Кот выскачыў з кватэры, бо спалохаўся шуму: у нас жа цэлымі днямі нешта будуюць, працуе тэхніка, каля дому стаіць вэрхал. Я бачыла яго ў двары, але дадому ён ня ішоў, баяўся. Учора людзі пачалі абурацца, што з Воршы прыехаў адлоў, катоў хапаюць на вуліцах без разбору, — ці ў нашыйніку, ці не. Я выскачыла, і ледзь пасьпела: нейкія дзядзькі хадзілі па двары зь пятлёй і выглядалі, дзе Кузя хаваецца. Я закрычала, што гэта мой кот. Па ім жа відаць, ён гладкі, укормлены... Мы яго ўратавалі маленькім, нехта выкінуў на сьметнік, яшчэ сьляпога. І маглі вось так страціць!»

Колькі дзён таму ў інтэрнэце пачалі зьяўляцца абвесткі пра адлоў катоў і сабак у Віцебску. Абаронцы жывёлаў настойліва раілі гаспадарам, каб тыя патрымалі сваіх гадаванцаў дома, калі яны ў іх «на вольным выгуле». Папярэджвалі яшчэ і таму, што прытулак для жывёлаў перапоўнены, і злоўленых жывёлаў, найхутчэй, будуць адразу ўсыпляць. У Балбасаве ніякіх папярэджаньняў не было.

Дагэтуль пра адлоў жывёлаў напярэдадні візытаў Аляксандра Лукашэнкі на Віцебшчыне ня чулі. Хаця ўжо была практыка «зачысткі» гораду ад асобаў без пэўнага месца жыхарства, калі такіх людзей вышуквалі і гвалтам забіралі ў сацыяльныя прытулкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG