Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі расейскіх уладаў ацанілі апошнія ініцыятывы Лукашэнкі па Данбасе


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка прамаўляе падчас Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы ў Менску, 31 кастрычніка 2018 году
Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка прамаўляе падчас Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы ў Менску, 31 кастрычніка 2018 году

Расейскія ўдзельнікі менскай сустрэчы Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі, якія прадстаўляюць МЗС і парлямэнт РФ, у інтэрвію Свабодзе пракамэнтавалі прапановы Аляксандра Лукашэнкі для ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе.

«Прапановы Лукашэнкі — абазначэньне гатоўнасьці Беларусі быць карыснымі»

Першы намесьнік старшыні камітэту міжнародных спраў Савету Фэдэрацыі Расеі, былы амбасадар Расеі ў ЗША Сяргей Кісьляк сказаў карэспандэнту Свабоды, што бачыць у прапановах Лукашэнкі «хутчэй абазначэньне гатоўнасьці Беларусі быць карыснымі, калі спатрэбіцца, чымсьці канкрэтнай схемы ўрэгуляваньня».

Сяргей Кісьляк
Сяргей Кісьляк

«Самае галоўнае іншае: каб на Данбасе, вакол Данбасу быў нармальны перамоўны працэс паміж Кіевам і грамадзянамі Украіны, якія там жывуць. Гэты працэс можа мець розныя фарматы, але яны ня могуць выходзіць за менскі. Бо менскі — гэта адзіны фармат, які мы маглі стварыць разам, і сёньня іншага зрабіць нельга.

Калі мы будзем спрабаваць ствараць новыя фарматы наўзамен менскаму, гэта азначае, што тыя, хто гэта робіць, ня хочуць выконваць тое, на што далі згоду. Мы бачым гэта з боку Кіева. Таму самае галоўнае — зрабіць так, каб нашы ўкраінскія калегі ўсур’ёз заняліся ажыцьцяўленьнем менскіх абавязаньняў. А ўжо далей ёсьць пасьлядоўнасьць крокаў, якія прадугледжаны. І трэба думаць, як іх выконваць. Але галоўнае, каб выконваліся палітычныя абавязаньні Кіева, без чаго ніякія іншыя крокі разглядацца ня могуць», — сказаў Сяргей Кісьляк.

Ці ўзгодненыя, на думку Сяргея Кісьляка, прапановы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным?

«Я не бяруся камэнтаваць, узгоднена ці не. Я думаю, што прэзыдэнт Беларусі мае свае думкі, і галоўнае, што ён абазначыў, гэта хутчэй гатоўнасьць Беларусі быць карыснай у выпадку, калі будуць пазытыўныя працэсы ва ўрэгуляваньні. Вось гэтага пакуль няма. І самая галоўная тут праблема — гэта адсутнасьць жаданьня Кіева працаваць на выкананьне менскага фармату».

«Мы цэнім падтрымку Беларусі»

Аляксандар Грушко
Аляксандар Грушко

Намесьнік міністра замежных спраў Расеі Аляксандар Грушко, які ўдзельнічае ў менскай сустрэчы Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі, у інтэрвію Свабодзе коратка выказаўся наконт прапаноў Аляксандра Лукашэнкі.

«Мы цэнім падтрымку, якую аказвае Беларусь менскаму працэсу».

На іншыя пытаньні спадар Грушко адказваць ня стаў.

На адкрыцьці сустрэчы Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі 31 кастрычніка ў Менску Аляксандар Лукашэнка агучыў шэраг прапановаў для вырашэньня канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Ён прапанаваў:

  • Пашыраць магчымасьці маніторынгавай місіі АБСЭ і трохбаковай кантактнай групы (Расея, Украіна, АБСЭ), а таксама дыялёг парлямэнтароў, рэгіянальных уладаў, экспэртаў і грамадзянскай супольнасьці;
  • Разьмясьціць на Данбасе міратворцаў — магчыма, супольнай місіі ААН і АБСЭ з удзелам вайскоўцаў, паліцыянтаў і цывільных з краінаў, якія цягам канфлікту «рабілі ўнёсак у яго вырашэньне» (Беларусь у іх ліку, кажа Лукашэнка);
  • Ускласьці на Беларусь «адказнасьць за забесьпячэньне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расейска-ўкраінскай мяжы»;
  • Правесьці на Данбасе выбары пры «суправаджэньні» Беларусі — але, адзначыў Лукашэнка, «зыходзячы з разуменьня таго, што гэтыя рэгіёны ёсьць неад’емнай часткай Украіны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG