Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар часопісу ў Брытаніі падаў у адстаўку пасьля жартаў з вэганаў


Рэдактар часопісу сеткі супэрмаркетаў Waitrose ў Вялікабрытаніі падаў у адстаўку пасьля зьдзеклівага ліста пазаштатнаму аўтару. У ім ён назваў вэганаў крывадушнікамі і прапанаваў прымусова карміць іх мясам.

Рэдактар часопісу пра ежу Waitrose Food Уільям Сітуэл атрымаў прапанову ад вэганкі-фрылансэркі напісаць сэрыю артыкулаў пра стравы без мяса. Праз 10 хвілін ён адправіў ёй электронны ліст, у якім прапанаваў сэрыю артыкулаў пра тое, як высочваць, лавіць, дапытваць і забіваць вэганаў, выкрываць іх крывадушнасьць і сілком карміць мясам, навучыўшы іх есьці стэйк з чырвоным віном. У другім лісьце Ситуэлл сказаў, што яму падабаецца ідэя калёнкі «Сумленны вэган. Дзёньнік міленіяла пра сучаснасьць і бутэрброды з бэконам».

Перапіску рэдактара і журналіста апублікаваў сайт Buzzfeed News. Яна выклікала жорсткую рэакцыю вэганаў, якія палічылі словы Сітуэла «неверагодна невуцкімі».

Камэнтатары заклікалі да звальненьня Сітуэла. Пасьля скандалу ён звольніўся сам. У сваёй заяве Сітуэл папрасіў прабачэньня ў вэганаў і напісаў, што любіць і паважае людзей зь любымі густамі, «вэганаў, вэгетарыянцаў і мясаедаў», што спрабуе даказаць сваёй штотыднёвай працай.

Некаторыя брытанскія журналісты заступіліся за Сітуэла, паведамляе BBC. Рэстаранны крытык газэты Time Жыль Корэн напісаў, у прыватнасьці, што лісты Сітуэла былі неразумнымі, але не павінны спыняць ягоную кар’еру. «Вэганы ня раса, ня гендэр, не сэксуальная арыентацыя. Яны проста абралі есьці расьліны», — цытуе Корэна тэлеканал.

Прадстаўнік сеткі супэрмаркетаў Waitrose паведаміў выданьню Guardian, што ў сьвятле перапіскі Сітуэла, ягоная адстаўка была правільным рашэньнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG