Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данія падазрае Іран у плянаваньні замаху на дацкай тэрыторыі


Ілюстрацыйнае фота

Улады Даніі заявілі ў аўторак, што падазраюць іранскую выведку ў плянаваньні замаху на лідэра арабскай апазыцыйнай групоўкі на тэрыторыі Даніі.

У сувязі са змовай у Швэцыі 21 кастрычніка быў арыштаваны грамадзянін Нарвэгіі іранскага паходжаньня, паведамляе швэдзкая паліцыя. Затрыманага экстрадавалі ў Данію.

Як паведаміў кіраўнік дацкай выведкі Фін Борха Андэрсан, аб’ектам замаху быў лідэр дацкага падразьдзяленьня «Арабскага руху барацьбы за вызваленьне Ахваза» (ASMLA).

Арганізацыя дамагаецца стварэньня незалежнай дзяржавы для этнічных арабаў у багатай нафтавымі рэсурсамі іранскай правінцыі Хузэстан.

Міністэрства замежных справаў Ірана пакуль не дае камэнтароў: у аўторак у краіне дзяржаўнае сьвята.

Па словах Андэрсана, затрыманы грамадзянін Нарвэгіі не прызнаў сваю віну ў садзейнічаньні плянам замежнай выведкі па ўчыненьні забойства на тэрыторыі Даніі.

Арабы складаюць меншасьць у Іране, населеным пераважна этнічнымі пэрсамі. Некаторыя зь іх лічаць, што жывуць пад пэрсыдзкай акупацыяй, і хочуць незалежнасьці ці аўтаноміі.

28 верасьня паліцыя Даніі перакрыла рух на двух буйных мастах і прыпыніла паромнае злучэньне са Швэцыяй і Нямеччынай у рамках апэрацыі па прадухіленьні магчымай атакі.

За некалькі дзён да гэтага каля дома лідэра ASMLA у Даніі бачылі падазронага-нарвэсца, які рабіў фатаграфіі і назіраў за домам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG