Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’ера Ўзбэкістану звольнілі за фатаграфію са зьдзекамі зь людзей


Віцэ-прэмʼера ўраду Ўзбэкістану Заіра Мірзаева звольнілі за фатаграфію са зьдзекамі з жыхароў Ташкенцкай вобласьці, якія не забясьпечылі паліў палёў.

Як паведамляе ўзбэцкая служба Радыё Свабода, на фатаграфіі відаць, як шасьцёра мужчын стаяць па калена ў вадзе ў арашальных каналах.

Інцыдэнт, адлюстраваны на фота, адбыўся 25 кастрычніка ў дзень візыту Мірзаева ў Акурганскі раён Ташкенцкай вобласьці. Праз тое, што палі не былі палітыя, мужчын прымушалі стаяць у халоднай вадзе каля арыкаў па 40-45 хвілін, а потым бегчы па вуліцах у мокрым адзеньні перад аўтамабілем, які за імі ехаў. Трое з мужчын, якія зазналі зьдзекі — супрацоўнікі адміністрацыі Акурганскага раёну, адзін — кіраўнік мясцовага самакіраваньня, яшчэ двое — фэрмэры.

Акрамя віцэ-прэмʼера Ўзбэкістану, на полі прысутнічалі намесьнікі пракурора і кіраўнікі Ташкенцкай вобласьці.

Таксама ў сацсетках распаўсюдзілася іншае фота, на якім відаць, як яшчэ шасьцёра мужчын стаяць з камянямі ў руках. Паводле дадзеных парталу Kun.uz, здымак таксама быў зроблены 25 кастрычніка, але ў Бекабадзкім раёне Ташкенцкай вобласьці, і таксама ў прысутнасьці Мірзаева.

Як паведаміў Радыё Свабода чыноўнік, які браў удзел у нарадзе пад кіраўніцтвам прэмʼер-міністра Абдулы Арыпава, яго намесьнік быў абвінавачаны «ва ўчынку, які ішоў насуперак з палітыкай прэзыдэнта». Мірзаеў быў звольнены 27 кастрычніка. Паводле крыніц узбэцкай службы, пасьля інцыдэнту з пасадаў былі звольненыя таксама намесьнік пракурора Ташкенцкай вобласьці і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі рэгіёну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG