Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйны суд разглядае пытаньне абароны правоў людзей пры выкарыстаньні іх фота

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Справу аб прававым рэгуляваньні ў заканадаўстве абароны выявы грамадзяніна разглядае 30 кастрычніка Канстытуцыйны суд Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Падобная справа ў Канстытуцыйным судзе разглядаецца ўпершыню.

Хоць у Беларусі і ёсьць законы аб СМІ, аб рэкляме, якія рэглямэнтуюць пытаньні выкарыстаньня фізычнага аблічча людзей зь іх згоды і без, але ў грамадзянскім заканадаўстве ёсьць толькі агульныя палажэньні, якія тычацца абароны такіх правоў, сказала судзьдзя Канстытуцыйнага суда Валянціна Падгруша.

«У той жа час адсутнічаюць прававыя мэханізмы для забесьпячэньня рэжыму такой аховы, то бок парадку выкарыстаньня выявы грамадзяніна і спосабы яго прававой абароны», — дадала Валянціна Падгруша.

Канстытуцыйны суд разглядае дадзенае пытаньне на падставе зваротаў Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў і грамадзкай рады пры МУС.

У звароце Беларускай калегіі адвакатаў сказана, што разьмяшчэньне ў СМІ і інтэрнэце выяваў людзей на фота і відэа бязь іх дазволу зьяўляецца уварваньнем у іх прыватнае жыцьцё і парушае іх права на асабістую таямніцу.

Грамадзкая рада пры МУС у сваім звароце кажа, што самавольнае фатаграфаваньне і відэаздымкі супрацоўнікаў органаў правапарадку, вайскоўцаў унутраных войскаў пры выкананьні імі службовых задач і распаўсюд такіх матэрыялаў у СМІ і інтэрнэце можа часам шкодзіць іміджу сыстэмы правапарадку.

На пасяджэньні разглядаюцца таксама меркаваньні Вярхоўнага суда, Генпракуратуры, Міністэрства юстыцыі, Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў, катэдры грамадзянскага права БДУ.

У Вярхоўным судзе лічаць, што ў Грамадзянскім кодэксе адсутнічаюць прамыя нормы, якія рэглямэнтуюць ахову выявы грамадзяніна. Гэта не выключае магчымасьці абароны чалавека ў выпадку парушэньня яго правоў, але ўскладняе яе. Таму ўключэньне такіх нормаў зьяўляецца мэтазгодным і апраўданым.

У Міністэрстве юстыцыі, наадварот, лічаць гэта немэтазгодным, бо рэглямэнтацыя адносінаў, накіраваных на забесьпячэньне аховы выявы грамадзян, прадугледжаная праектам закону аб пэрсанальных дадзеных.

XS
SM
MD
LG