Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп мае намер сваім указам скасаваць заканадаўчае правіла, якое дазваляе дзецям, якія нарадзіліся на тэрыторыі Злучаных Штатаў у замежных грамадзян, атрымліваць амэрыканскае грамадзянства. Пра гэта кіраўнік Белага дому заявіў у інтэрвію дакумэнтальнай праграме Axios, якая выйдзе ў сьвет на тэлеканале HBO у гэтую нядзелю.
Паводле цяперашніх амэрыканскіх законаў, дзіця, якое нарадзілася на тэрыторыі ЗША, мае права на амэрыканскае грамадзянства, незалежна ад грамадзянства бацькоў.
14-я папраўка да Канстытуцыі ЗША сфармуляваная такім чынам:
«Усе асобы, народжаныя ці натуралізаваныя ў Злучаных Штатах, падпадаюць пад іх юрысдыкцыю, ёсьць грамадзянамі Злучаных Штатаў і таго Штату, у якім яны пражываюць».
Калі Трамп паспрабуе сваім указам скасаваць права на грамадзянства па нараджэньні, дык гэты крок, верагодна, аспрэчаць у судах. Многія юрысты лічаць, што для такога скасаваньня патрэбная новая папраўка ў Канстытуцыі ЗША. Але некаторыя кансэрватары лічаць, што цяперашняя папраўка пакідае прастору для розных юрыдычных інтэрпрэтацый.