У рэгіёнах Лігурыя, Лямбардыя, Трэнтына-Альта-Адыджэ, Таскана, Вэнэта, Фрыулі — Вэнэцыя-Джулія і ў Рыме абвешчаны найвышэйшы ўзровень небясьпекі ў сувязі з залевамі і штармавым ветрам.
Як паведамляе італьянскае агенцтва ANSA, сама меней дзевяць чалавек загінулі ў выніку залеваў, паводкі і штармавога ветру, якія абрынуліся на Італію. Таксама ёсьць параненыя і зьніклыя бязь вестак. У выхадныя большую частку Апэнінскага паўвостраву залівалі дажджы, месцамі з навальніцамі і градам.
Праз штармавыя вятры ў Вэнэцыі рэзка павысіўся ўзровень вады і каля 75% тэрыторыі гораду затапіла вадой, паведамляе ANSA.
Асноўнай прычынай гібелі людзей стала падзеньне дрэваў ад моцных парываў ветру. Рэкордныя парывы рэгістраваліся ў Лігурыі, з максымальным пікам у 180 кілямэтраў на гадзіну.
Улады Італіі абвясьцілі найвышэйшы ўзровень небясьпекі ў шасьці з 20 рэгіёнаў краіны праз праліўныя дажджы і штармавы вецер. Пра гэта паведаміў дэпартамэнт цывільнай абароны краіны. У шэрагу буйных гарадоў, у тым ліку ў Рыме, 30 кастрычніка зачыненыя школы і дзіцячыя садкі.