Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Парыжы адкрыўся міжнародны форум праваабаронцаў


Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет

У Парыжы ў панядзелак, 29 кастрычніка, адкрыўся Ўсясьветны форум праваабаронцаў, прымеркаваны да 20-годзьдзя прыняцьця дэклярацыі ААН аб праваабарончай дзейнасьці і да 70-годзьдзя прыняцьця Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.

У канфэрэнцыі бяруць удзел больш як 150 праваабаронцаў з многіх краін, у тым ліку і беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Сёлета спаўняецца 20 гадоў прыняцьця дэклярацыі ААН аб абароне праваабаронцаў.

Каардынатарка міжнароднай арганізацыі Front Line Defenders Марыя Шышанкова заявіла, што разьвіцьцё сытуацыі з правамі чалавека за апошнія два дзесяцігодзьдзі выглядае пэсымістычна. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет выказала меркаваньне, што калі б сёньня было б трэба падпісваць дэклярацыю аб абароне правоў праваабаронцаў ці Усеагульную дэклярацыю правоў чалавека, то хутчэй за ўсё, гэтыя дакумэнты не былі б прынятыя.

Паводле яе слоў, праваабарончы рух у сьвеце стала шматлікім, у многіх краінах ёсьць актывісты, якіх у ранейшыя гады было б немагчыма ўявіць. Аднак наступ на свабоду ідзе ў многіх краінах сьвету, і ў тым ліку ў Эўропе, чаго раней не было.

Майкл Фрост, спэцыяльны дакладчык ААН па пытаньні аб становішчы праваабаронцаў, у сваім выступе зьвярнуў увагу на тое, што ў сучасных умовах агромністыя карпарацыі часам парушаюць правы чалавека больш груба, чым асобныя дзяржавы. А дзяржавы апраўдваюць іх дзеяньні праблемамі дабрабыту і эканамічнага росту.

«Па маім меркаваньні, гэта тычыцца і палітыкі Росатама, які зараз будуе небясьпечную для беларусаў Беларускую АЭС, а таксама кітайскіх карпарацыяў, якія будуюць шкодныя вытворчасьці пад Берасьцем і ў Сьветлагорску» – заявіў Алесь Бяляцкі.

Толькі за мінулы год па ўсім сьвеце было забіта 312 праваабаронцаў, што ў два разы больш, чым у 2015 годзе. І практычна кожны раз адказныя за гэтыя злачынствы застаюцца беспакаранымі, гаворыцца ў камюніке Amnesty International. Праваабаронцы лічаць, што ўрады ў розных краінах сьвету не выконваюць узятыя на сябе 20 гадоў таму абавязальніцтвы.

У лік арганізатараў саміту ўвайшлі розныя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека (FIDH), Amnesty International, Front Line Defenders, «Рэпартэры бязь межаў» (RSF) і іншыя арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG