Boeing 737 інданэзійскага лоукостера авіялініі Lion Air зьнік з радараў праз 13 хвілін пасьля вылету з аэрапорта Джакарты. Перад зьнікненьнем пілёт запытаў экстранную пасадку. Але пры развароце самалёт упаў у мора ў 15 кілямэтрах ад берага.
Улады Інданэзіі неадкладна пачалі пошукавую апэрацыю
«Мы знайшлі некалькі пашпартоў, пасьведчаньні кіроўцы, страхоўкі і чэкавыя кніжкі. Сёньня нам дапамагае армія і паліцыя, у выратавальнай апэрацыі ўдзельнічаюць 150 супрацоўнікаў агенцтва па пошуку і выратаваньні і столькі ж вайскоўцаў і паліцэйскіх», — паведаміў намесьнік кіраўніка працаў па пошуку і выратаваньні Будзі Вірыянта.
Па дадзеных уладаў, тых, хто выжыў, няма. Усе 189 чалавек, у тым ліку экіпаж, загінулі. Сярод іх — 20 чыноўнікаў міністэрства фінансаў Інданэзіі. У аэрапорце горада Панкалпінанг, куды накіроўваўся самалёт, зьбіраюцца сваякі зьніклых пасажыраў.
«Я чакала тут восьмай раніцы, не было ніякіх навін, пакуль нейкі чыноўнік не выйшаў і не сказаў, што з самалётам страчаная сувязь» — кажа сваячка аднаго з пасажыраў самалёту.
Знайсьці корпус патанулага самалёта пакуль не атрымоўваецца, але ўжо знаходзяць целы загіблых. Што менавіта стала прычынай аварыі — незразумела. Улады спадзяюцца, што на гэтае пытаньне дапамогуць адказаць дадзеныя з «чорнай скрыні».
«Мы будзем выкарыстоўваць пошукавік сыстэмы «запыт-адказ», таму што «чорная скрыня» выпускае такія запыты ў выглядзе гукаў на частаце 390 Кгц. Мы таксама выкарыстоўваем гідралякатар, пасьля чаго адправім вадалазаў для пошуку «чорнай скрыні» — паведаміў кіраўнік Камітэту транспарту Інданэзіі.
Па дадзеных Lion Air, памылка экіпажа малаімаверная: у пілётаў было больш за 11 тысяч гадзінаў налёту. А вось з самалётам, які ў авіякампаніі выкарыстоўвалі ўсяго толькі са жніўня, ужо былі тэхнічныя праблемы.
«Апошні раз гэты самалёт лётаў з Дэнпасара ў Джакарту, яго дапусьцілі да палёту. Але сапраўды было паведамленьне аб тэхнічнай праблеме, над якой мы працавалі разам з вытворцам самалёту. Калі мы атрымалі справаздачу экіпажа, мы неадкладна ліквідавалі праблему», — заявіў гендырэктар Lion Air Эдвард Сіра.
Boeing 737 Max быў выраблены два гады таму — гэта найноўшая мадэль сярэднемагістральных самалётаў. Авіякампаніям яго пачалі пастаўляць толькі ў мінулым годзе, пасьля чаго гэтая мадэль стала самай хутка прадаванай у сьвеце. Катастрофа ў Інданэзіі стала першай аварыяй з самалётамі Boeing новага пакаленьня.