Пяцёра пацярпелых у аварыі, якая адбылася 27 кастрычніка каля Радашкавічаў, знаходзяцца ў цяжкім стане, паведамляе БЕЛТА са спысалкай на прэс-сакратара Міністэрства аховы здароўя Юлію Барадун.
У аварыі загінулі чатыры чалавекі, пяць пацярпелі. Як паведаміла Юлія Барадун, сярод пацярпелых двое дзяцей. Аднаго малога, якому паўтара года, даставілі ў абласны дзіцячы клінічны шпіталь. Цяпер мэдыкі праводзяць комплекс абследаваньняў, каб выключыць унутраныя траўмы. Другое дзіця, якому дзесяць гадоў, знаходзіцца ў РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі. У яго адкрыты аскепкавы пералом галёнкі.
Сярод дарослых пацыентаў дзьве жанчыны дастаўленыя ў гарадзкі клінічны шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі Менску, трэцяя — у Менскі абласны шпіталь. У пацярпелых складаныя траўмы, закрытыя і адкрытыя ЧМТ, траўмы канцавінаў. Мэдыкі даюць усю неабходную дапамогу.
Аварыя адбылася 27 кастрычніка каля 16.30 на 35-м км дарогі Р-28 Менск — Маладэчна. Сутыкнуліся «Мазда» і «Фольксваген Джэта». Паводле папярэдніх зьвестак, кіроўца «Мазды» выехаў на сустрэчную паласу.