28 гадоў дабрачыннай дзейнасьці. 49 паездак з Нямеччыны ў Беларусь. Сотні тон лекаў, сродкаў рэабілітацыі, прадуктаў і вопраткі. Так дапамагаюць «чарнобыльцам» з Гомельшчыны немцы з дабрачыннай арганізацыі Weissrusslandhilfe Сrailsheim.
27 кастрычніка, у шлях зь беларускага Гомлю да нямецкага Крайльсгайму выправіліся чатыры парожнія фуры. Перад кіроўцамі — дзьве тысячы кілямэтраў. У беларускі горад грузавікі прывезьлі 80 мэдыцынскіх ложкаў для бальніц, мэблю, абсталяваньне, вазкі для інвалідаў, лекі, сродкі гігіены, прадукты і рэчы.
«Мы наведваем ўстановы Гомельскай вобласьці два разы на год — увесну і увосень. З 1991 году, калі Міхаіл Гарбачоў заклікаў эўрапейскія краіны дапамагчы пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС. Увесну 2019 году будзем мець юбілейную, пяцідзесятую паездку», — кажа Надзея Рудзі, прадстаўніца Weissrusslandhilfe Сrailsheim.
Асноўны накірунак дзейнасьці Weissrusslandhilfe Сrailsheim — дапамога інвалідам, маламаёмасным людзям лекамі, рэабілітацыйным абсталяваньнем, харчаваньнем, сродкамі гігіены, адзеньнем, абуткам. Сродкі для дапамогі беларусам яны зьбіраюць на дабрачынных кірмашах у Нямеччыне, ім дапамагаюць бізнэсоўцы. Грузавікі для дастаўкі гуманітарнага грузу дабрачыннай арганізацыі прадстаўляюцца бясплатна транспартнай кампаніяй.
У Гомельскай вобласьці немцы добра вывучылі адрасы, дзе іх чакаюць. Яны палепшылі ўмовы жыцьця насельнікаў дома-інтэрнату ў Маканавічах. Састарэлыя і хворыя людзі мусілі спаць на вузкіх і нізкіх ложках. Цяпер з дапамогай немцаў яны маюць 45 мэдычных ложкаў.
Валянтэры нямецкай арганізацыі кажуць, што іх мэта — ня толькі матэрыяльная дапамога, але сяброўства зь беларусамі, салідарнасьць паміж людзьмі. «Мы ня проста дапамагаем рэчамі, мы даём людзям радасьць, сілу, мужнасьць і надзею на лепшае жыцьцё», — кажа адна з нямецкіх валянтэрак.