Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Клайпедзе адкрываецца першы грамадзкі форум Літвы і Беларусі «Што нас аб’ядноўвае?»


У працы форуму возьмуць удзел каля 100 прадстаўнікоў акадэмічнай сфэры, бізнэсу, экспэртнай супольнасьці і афіцыйных структур Літвы і Беларусі.

Хто арганізатары і сьпікеры

Арганізатарамі выступаюць муніцыпалітэт гораду Клайпеды, Клайпедскі ўнівэрсытэт, Форум дыялёгу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройця (Літва), Інстытут Вялікага Княства Літоўскага (Коўна, Літва), Інстытут «Палітычная сфэра» (Менск, Беларусь).

На форуме выступяць вядомыя літоўскія інтэлектуалы: Альфрэдас Бумблаўскас, Артурас Дубоніс, Дангірас Мачуліс, Віціс Юрконіс; прадстаўнікі афіцыйных структур і бізнэсу Рэнатас Пажэла (камандзір Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы), Эвэліна Гудзінскайце (дырэктар Дэпартамэнту міграцыі МУС Літвы), мэр Клайпеды Вітаўтас Грубляўскас і мэр Друскенікаў Рычардас Малінаўскас.

Місія форуму

Андрэй Казакевіч, дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра», навуковы супрацоўнік Унівэрсытэту Вітаўта Вялікага, адзначае, што, хоць Беларусь і Літва — суседзі, краіны маюць агульную гісторыю, стасункі паміж імі не пазбаўлены праблем.

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

«Існуе напружанасьць на афіцыйным узроўні, якая вельмі часта адзначаецца ў недзяржаўных мэдыя і адбіваецца на грамадзкай сьвядомасьці. Пры гэтым не існуе пляцовак, дзе прадстаўнікі грамадзкасьці — інтэлектуалы, бізнэсоўцы, экспэрты, мясцовыя ўлады — маглі б дыскутаваць у публічным фармаце, рабіць гэта рэгулярна і з шырокім прадстаўніцтвам СМІ.

Місія форуму — дапамагчы ў вырашэньні гэтай праблемы і стаць рэгулярнай пляцоўкаю камунікацыі паміж прадстаўнікамі розных частак беларускага і літоўскага грамадзтва. Камунікацыі найперш публічнай, адкрытай для СМІ, якая зьвяртае ўвагу на выклікі і новыя магчымасьці ў супрацоўніцтве дзьвюх краін», — кажа адзін з арганізатараў форуму Андрэй Казакевіч.

Асноўныя тэмы

Дыскусіі, круглыя сталы пройдуць у розных праблемах:

  • Гістарычная памяць, якая яднае і разлучае;
  • Вільня — горад, які аб’ядноўвае літоўцаў і беларусаў;
  • Вітаўт і Грунвальд — нацыянальныя міты, якія злучаюць;
  • Тадэвуш Касьцюшка і Кастусь Каліноўскі — міты, якія абʼядноўваюць літоўцаў і беларусаў;
  • Вялікае Княства Літоўскае — агульная літоўска-беларуская дзяржава;
  • Межы і міграцыя: выклікі і магчымасьці;
  • Бізнэс як сродак, што абʼядноўвае літоўцаў і беларусаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG