Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін папярэдзіў пра новую «гонку ўзбраеньняў», калі ЗША выйдуць з дамовы 1987 году


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

У выпадку, калі ЗША будуць пастаўляць ракеты сярэдняга і меншага радыюсу дзеяньня ў Эўропу, Расея будзе вымушана адказаць адпаведна, і гэта можа выклікаць новую «гонку ўзбраеньняў». Пра гэта заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 24 кастрычніка падчас прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрам Італіі Джузэпэ Контэ.

Пуцін таксама сказаў, што эўрапейскія краіны могуць паставіць сябе пад пагрозу ўдару ў адказ.

Прэзыдэнт Расеі дадаў, што Масква гатовая адказаць хутка і эфэктыўна на магчымы выхад Вашынгтону з дамовы 1987 году аб ліквідацыі ракет сярэдняга і меншага радыюсу дзеяньня.

Акрамя таго, Пуцін сьцьвярджае, што ЗША не далі доказаў невыкананьня Расеяй умоў дамовы. Па словах Пуціна, Злучаныя Штаты самі парушылі пагадненьне, разьмясьціўшы сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Румыніі.

Пра намер ЗША выйсці з дамовы раней заявіў прэзыдэнт краіны Дональд Трамп. Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква ў парушэньне дамоўленасьці стварыла ракету сярэдняга радыюсу дзеяньня «Наватар 9М729», здольную нанесці вокамгненны ўдар па краінах NATO. Крэмль заявіў, што адмаўляцца ад старога пагадненьня без пачатку перамоваў аб новым вельмі небясьпечна.

Дамова, падпісаная Рональдам Рэйганам і Міхаілам Гарбачовым, ліквідавала цэлую клясу ракет наземнага базаваньня, як звычайных, так і ядзерных, з радыюсам дзеяньня ад 500 да 5,5 тысячы кілямэтраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG