Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне затрымалі беларускага бізнэсоўца. «Мытная справа» на ўзор «справы БелТА»?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На запыт беларускіх кампэтэнтных органаў ва Ўкраіне затрыманы грамадзянін Беларусі Дзьмітры Дашук — ён пэўны час узначальваў прыватную кампанію «Зьнешэўрасэрвіс», а пазьней пачаў працаваць памочнікам дырэктара па разьвіцьці кампаніі.

Бізнэсовец падазраецца ў злачынствах супраць інфармацыйнай бясьпекі. Справу расьсьледавала ўпраўленьне Сьледчага камітэту ў Менску.

Дзьмітры Дашук, які паходзіць з украінскага Марыюпалю, затрыманы 15 кастрычніка ў кіеўскім аэрапорце «Барыспаль» — ён уяжджаў на тэрыторыю Ўкраіны з адной з эўрапейскіх краін. Суд вырашыў, што ён будзе знаходзіцца ў Кіеўскім сьледчым ізалятары да 23 лістапада — да гэтага часу ўкраінскі і беларускі бок маюць падрыхтаваць неабходныя для ягонай экстрадыцыі дакумэнты.

Дзьмітры Дашук (зьлева) і Максім Рыжанкоў (цяперашні першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта)
Дзьмітры Дашук (зьлева) і Максім Рыжанкоў (цяперашні першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта)

У Беларусі Дзьмітры Дашук абвінавачваецца ў злачынствах, прадугледжаных часткай 2 артыкулу 349, артыкулам 352, часткай 2 артыкулу 354 і часткі 2 артыкулу 254 Крымінальнага кодэксу — несанкцыянаванае ўмяшаньне ў працу электронна-вылічальных машын (кампутараў) і кампутарных сетак, а таксама стварэньне, распаўсюд або збываньне шкодных праграмных ці тэхнічных сродкаў і незаконны збор інфармацыі з камэрцыйнай або банкаўскай тайнай.

«Зьнешэўрасэрвіс» забясьпечвае мытныя паслугі перавозчыкам. Як адзначаецца на яе афіцыйным сайце, займаецца мытнай «ачысткай» тавараў, абсталяваньня, грузаў для прадпрыемстваў рознай спэцыялізацыі.

Кампанія ўваходзіць у склад міжнароднай групы кампаній ViM Union, якая ажыцьцяўляе мытныя паслугі ў Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі і Ўкраіне.

«Справа Дзьмітрыя Дашука аналягічная „справе БелТА“, кваліфікацыя тая ж, — тлумачыць Свабодзе адвакат Дыяна Назаранка, якая абараняе інтарэсы Дзьмітрыя Дашука ва Ўкраіне. — Як журналісты абвінавачваліся ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыйнай базы агенцтва, так і гэтая прыватная кампанія — у несанкцыянаваным доступе да інфармацыі дзяржаўнага прадпрыемства РУП „Белмытнясэрвіс“. Справа сфабрыкаваная. Такім чынам, ідзе ціск на кампанію „Зьнешэўрасэрвіс“, якая мела законныя падставы на атрыманьне інфармацыі, але ёсьць галоўным канкурэнтам дзяржаўнай кампаніі ў аказаньні мытных паслуг».

У менскім офісе «Зьнешэўрасэрвісу» не паведамілі нейкіх падрабязнасьцяў пра затрыманьне свайго супрацоўніка, па некалькіх тэлефонах мэнэджары адказалі, што ўпершыню пра гэта чуюць.

Камэнтар ад Сьледчага камітэту Беларусі пакуль атрымаць таксама не ўдалося.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG