Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незавершаная аўтабіяграфія. У Менску прэзэнтуюць кнігу Сяргея Шапрана пра Ўладзімера Някляева


Сяргей Шапран
Сяргей Шапран

24 кастрычніка а 19-ай гадзіне ў кнігарні «Логвінаў» у Менску адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі Сяргея Шапрана «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія».

Сяргей Шапран — біёграф Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна.

Пра кнігу «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія» сам аўтар гаворыць, што «ў 2011-м Уладзімер Някляеў быў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры — менавіта гэта і паслужыла штуршком для напісаньня кнігі». Яна выйшла ў Смаленску, бо Някляева беларускія ўлады ня вельмі шануюць (апошняе пацьверджаньне — загад зьняць выявы з паэтам, якія рэклямавалі краму Symbal.by).

У інтэрвію Свабодзе Сяргей Шапран распавёў пра новую кнігу, а таксама пра далейшыя творчыя пляны.

— Назва кнігі — «Незавершаная аўтабіяграфія». Дык хто насамрэч яе аўтар: Някляеў ці Шапран?

— Сапраўдны назоў — «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія». На вокладцы ж пазначаны і аўтар... Здагадваюся, што вы маеце на ўвазе, бо не ўпершыню чую пытаньне: чаму аўтабіяграфія? Скажу так: адна справа — напісаць біяграфію Васіля Быкава, якая грунтуецца найперш на дакумэнтах, і зусім іншая — напісаць біяграфію Ўладзімера Някляева, які, як сам прызнаецца, усё жыцьцё быў прыхільнікам і, па магчымасьці, удзельнікам міталягічных будоўляў. Пустэчы гісторыі, на яго думку, лепш за ўсё запаўняюцца мітамі.

«Няма ніводнага паэта, якога б нехта ня выдумаў. А калі ніхто паэта не выдумляе, тады ён выдумляе сябе сам», — гэта цытата зь Някляева.

У падмурку кнігі найперш — ягоныя аповеды пра самога сябе. Таму і аўтабіяграфія. «Зь людзьмі ўсялякае здараецца, нават тое, што яны пра сябе расказваюць». Гэта таксама зь Някляева, зь незавершанага яшчэ апавяданьня.

Пагаджуся, што назва кнігі крыху правакацыйная. Аднак, па-мойму, адпавядае ня толькі зьместу, але і характару, стылю жыцьця галоўнага героя.

— Раней вы пісалі кнігі пра выдатных беларусаў, якія ўжо адышлі ў лепшы сьвет — Быкава, Барадуліна, Бураўкіна. Чаму цяпер выбралі такую постаць як Някляеў? Увогуле, ці лёгка пісаць пра жывога чалавека? Мне здаецца, заўсёды цяжка працаваць з клясыкам...

— Усё ж першы досьвед такой працы быў не з Уладзімерам Някляевым, а з Рыгорам Барадуліным — калі мы разам рабілі кнігу гутарак «Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным». Цяжкасьці, безумоўна, у такіх выпадках узьнікаюць, але яны найперш зьвязаныя з тым, што ніхто ня ведае, ці атрымаецца ў выніку кніга.

Не адзін Някляеў быў і застаецца паэтам-грамадзянінам. Яўгеній Еўтушэнка, які называў яго «шасьцідзясятнікам беларускім, толькі крыху прыпозьненым», пісаў пра Някляева: «Паэт у Беларусі — гэта таксама больш, чым паэт». Так і Быкаў, і Барадулін, і Бураўкін былі літаратарамі зь непрыхаванай выразнай грамадзянскай пазыцыяй.

Адваротны бок вокладкі кнігі Сяргея Шапрана «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія»
Адваротны бок вокладкі кнігі Сяргея Шапрана «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія»

Па-другое, штуршком для напісаньня «Незавершанай аўтабіяграфіі» стала забытая ўжо падзея — вылучэньне Някляева ў 2011 годзе на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Выключна гэта, без аніякай палітычнай заангажаванасьці ці іншых падтэкстаў. Бо калі існуе дыстанцыя паміж Някляевым-паэтам і Някляевым-празаікам, дык Някляева-літаратара і Някляева-палітыка падзяляе дыстанцыя яшчэ большая. Прынамсі, так яно было і ёсьць у маім асабістым уяўленьні.

І тут варта прыгадаць, што той жа Быкаў называў Някляева Паэтам Беларусі. Пімен Панчанка пісаў: «Помніце, я заўсёды верыў і веру і ўсюды сьцьвярджаю, што вы — адзіны па-сапраўднаму таленавіты, арыгінальны і патэнцыйна вялікі паэт...» Бураўкін казаў, што імя Някляева павінна знаходзіцца ў адным шэрагу з найлепшымі эўрапейскімі творцамі. А Барадулін у апошнія гады называў яго не іначай, як толькі геніем.

— У кнізе шмат гумару, вясёлых гісторый. Ці не паўплывала на працу ваша папярэдняя кніга «Беларускі гістарычны анэкдот», дзе таксама шмат баек пра Някляева?

Кніга Сяргея Шапрана «Беларускі гістарычны анэкдот»
Кніга Сяргея Шапрана «Беларускі гістарычны анэкдот»

— Якраз наадварот — гэта «Беларускі гістарычны анэкдот» (як, дарэчы, і кніга «Знакі прыпынку» Някляева) ускосна «вырас» зь «Незавершанай аўтабіяграфіі». А гумару тут хапае з тае толькі прычыны, што наш паэт — чалавек вясёлы. І было б дзіўна, каб кніга пра яго была іншай.

— Якія вашы найбліжэйшыя пляны, хто наступны герой?

— Лепш усё ж казаць пра намеры, бо, як вядома, калі хочаш расьсьмяшыць Бога — раскажы пра свае пляны. Намеры ж датычаць найперш кнігі ўспамінаў пра Рыгора Барадуліна, якая даўно практычна гатовая, не хапае толькі некалькіх аповедаў. Па-другое, ужо колькі гадоў не выходзілі чарговыя тамы з 14-томнага збору твораў Васіля Быкава. І гэтую працу трэба было б калі не завершыць, дык хоць бы прадоўжыць.

Кніга «Уладзімер Някляеў. Незавершаная біяграфія» прадаецца ў менскай кнігарні «Акадэмкніга», таксама яе можна замовіць тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG