Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Анатоля Сыса


Беларускі паэт Анатоль Сыс
Беларускі паэт Анатоль Сыс

Падзеі 26 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

26 кастрычніка 1959 году нарадзіўся беларускі паэт Анатоль Сыс.

Таксама ў гэты дзень

1795 ― адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай.

1822 — пайшоў у школу Ганс Крыстыян Андэрсан. Будучаму пісьменьніку было на той момант 17 гадоў. Звычайна на такія дэталі біяграфіі зьвяртаюць увагу, каб лішні раз пераканацца, што не адныя вундэркінды дамагаюцца ў жыцьці вялікіх посьпехаў і робяцца славутымі творцамі. Пачаць ніколі ня позна.

1863 — у Жэнэве ўтвораны Міжнародны Чырвоны Крыж.

1947 — праведзеная самая масавая дэпартацыя ўкраінцаў з Заходняй Украіны (каля 78 тысяч чалавек).

1962 — падчас Карыбскага крызісу савецкі лідэр Мікіта Хрушчоў пагадзіўся на вяртаньне ў СССР караблёў, якія везьлі на Кубу ядзерную зброю.

У гэты дзень нарадзіліся

1685 — італьянскі кампазытар Дамэніка Скарлаці, аўтар 555 санат для фартэпіяна.

1759 — Жорж Жак Дантон, правадыр францускіх якабінцаў.

1810 — беларускі скульптар і змагар за незалежнасьць Генрых Дмахоўскі. Пасьля сканчэньня Віленскага ўнівэрсытэту ён вучыўся ў Францыі, адкуль адправіўся ў ЗША. Там Дмахоўскі стварыў скульптурныя партрэты Тадэвуша Касьцюшкі і амэрыканскага прэзыдэнта Томаса Джэфэрсана. Гэтыя бюсты і сёньня ўпрыгожваюць памяшканьне Кангрэсу ЗША. Вярнуўшыся на радзіму акурат у часе паўстаньня Каліноўскага, Дмахоўскі стаў паўстанцкім камісарам Дзісенскага павету. Вясною 1863 году ён загінуў у баі каля вёскі Парэчча пад Барысавам.

1870 ― Надзея Яноўская, гераіня дэтэктыўнай аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча.

1888 — Нестар Махно, украінскі рэвалюцыянэр, лідэр анархісцкага руху

1916 — прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран, які кіраваў сваёй краінай два тэрміны па 7 гадоў (1981-1995).

У памяці

1764 — ангельскі мастак Уільям Хогарт, ілюстратар, гравёр і тэарэтык мастацтва.

1806 — Шарль Агюстэн Кулён, францускі фізык і вайсковы інжынэр, які ў 1785 годзе экспэрымэнтальна ўсталяваў асноўны закон электрастатыкі (закон Кулёна).

1855 — расейскі перакладчык беларускага паходжаньня Міхаіл Урончанка. Перакладаў Шэксьпіра, Байрана, Гётэ.

1937 ― Юзэф Доўбар-Мусьніцкі, польскі вайсковы дзяяч, генэрал-лейтэнант расейскага войска, генэрал броні, кіраўнік паўстаньня вялікапольскага.

1972 — Ігар Сікорскі, авіяканструктар, стваральнік першых у сьвеце верталётаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG