Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валэнса: Расея рухаецца ў тым напрамку, у якім бы нам хацелася


Лэх Валэнса

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса ужо не займаецца палітыкай, але застаецца для Польшчы важнай фігурай.

Журналісты тэлеканалу «Настоящее время» сустрэліся зь Лехам Валэнсам у Эўрапейскім цэнтры салідарнасьці — гіганцкім музэі, прысьвечаным руху барацьбы супраць камуністычных уладаў.

Валэнса прымае гасьцей у сваім кабінэце на другім паверсе з вокнамі на Гданьскую карабельню, месца самага драматычнага моманту польскіх страйкаў 80-х. Валэнса — не прыхільнік радыкальных дзеяньняў, ён па-ранейшаму перакананы, што мяккая сіла і перамовы могуць стаць ключом да посьпеху.

— Што вы думаеце пра сучасную Расею? Ці ператвараецца Масква ў такую ж пагрозу эўрапейскай дэмакратыі, якой яна была ў тыя часы, калі вы змагаліся за дэмакратыю ў Польшчы?

— Нам трэба зразумець Расею. Расея была звышдзяржавай, і перастала ёй быць. Да сёньняшняга дня ў Расеі не было дэмакратыі, яна заўсёды трымалася на пагрозах. Ворагі забясьпечвалі адзінства Расеі, і Расеі часам нават даводзілася прыдумляць ворагаў, каб захаваць гэтае адзінства.

Яшчэ мы павінны разумець, што Расея сапраўды зьмянілася. Яна ўжо зусім не такая, якой была ў мінулым. Гэта яшчэ не Расея, якую мы б хацелі бачыць, але яна рухаецца ў тым напрамку, у якім бы нам хацелася.

— У 2014 годзе падчас анэксіі Крыма вы сказалі, што Пуцін павінен адказваць у судзе ў Гаазе. Вы па-ранейшаму так думаеце?

— Я ня думаю, што я выказаўся так жорстка. Але я думаю, што анэксія Крыму была велізарнай памылкай Пуціна, і што ў XXI ня так трэба вырашаць падобныя праблемы. Сёньня чым больш адкрытая краіна, чым больш яна дэмакратычная — тым лепш для яе. Пуцін зразумее гэта з часам. Чым хутчэй ён гэта ўсьвядоміць, тым меншую заплаціць цану.

— Але, на вашу думку, Пуцін пойдзе яшчэ далей?

— Да канца XX можна было так сябе паводзіць. Зараз XXI стагодзьдзе і больш немагчыма вырашаць палітычныя пытаньні такім спосабам. Магчымыя спробы дзейнічаць старымі спосабамі, але яны будуць вельмі дарагія. Гэта пытаньне цаны. Больш немагчыма дасягнуць перамогу такімі мэтадамі. Трэба ведаць, як змагацца ў сучасным сьвеце.

— Вы вылучылі Алег Сянцова, украінскага рэжысэра, асуджанага ў Расеі, на Нобэлеўскую прэмію міру. Што яшчэ можна зрабіць для яго вызваленьня?

— Адказ вельмі просты — салідарнасьць.

Як толькі ўзьнікла праблема паміж Украінай і Расеяй, я прапанаваў простае рашэньне. Выбраць дзесяць чалавек з усяго сьвету, людзей, якія добра знаёмыя з Украінай і Расеяй, і папрасіць іх скласьці сьпіс зь дзесяці рашэньняў для розных краін, якія могуць быць балючымі для Расеі. Нешта не купляць, нешта не прадаваць. У кожнай краіны свае інтарэсы, таму кожная краіна магла б выбраць нейкі пункт з гэтага сьпісу.

А яшчэ пяць чалавек з гэтай групы павінныя быць у добрых адносінах з Пуціным. І кожны дзень адзін зь іх павінен тэлефанаваць Пуціну і казаць — паслухай, Пуцін, вось столькі мы страцілі, а колькі страцілі вы? І, нарэшце, апошні можа сказаць — давайце падумаем яшчэ раз, інакш вашыя алігархі вам ніколі не даруюць.

Павінна быць створана такая група салідарнасьці для Ўкраіны. Але сёньня кожная краіна дзейнічае па сваім меркаваньні, а Расею так не перамагчы.

Нам патрэбная Расея, нам трэба супрацоўнічаць з Расеяй. Яны маюць у сябе ўсю табліцу Мендзялеева. Нам трэба дапамагчы Расеі, спакойна, мірна, тонка, але арганізавана.

Салідарнасьць — простая філязофія. Калі не можаш несьці цяжар — папрасі іншага дапамагчы. Дамажыцеся салідарнасьці і Расея будзе на правільным месцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG