Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва менскіх парковак растлумачыла, чаму ня могуць штрафаваць парушальнікаў


Платная паркоўка ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Платная паркоўка ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Да канца 2018 году ў Менску зьявіцца яшчэ 5 зонаў платнай паркоўкі.

Цяпер у Менску дзейнічае 49 зонаў платных стаянак на 3 тысячы 700 месцаў. Неўзабаве кіроўцам давядзецца аплочваць разьмяшчэньне сваіх машын на вуліцах Акадэмічнай, Бабруйскай, Калектарнай, Сурганава і Энгельса агулам на 800 месцаў.

Пра гэта 23-га кастрычніка журналістам паведаміў галоўны інжынэр Дзяржаўнага аб’яднаньня «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Пётра Пруднікаў.

Як вызначаюць тарыфы на паркоўку

Пётра Пруднікаў расказаў на прыкладзе закрытай стаянкі ў Верхнім горадзе, як фармуюцца тарыфы. Калі яе адкрывалі, то кошт адной гадзіны стаянкі складаў 2 рублі. Паводле яго, у выніку атрымліваліся заторы ў раёне вуліцы Інтэрнацыянальнай. А калі ж кошт першай гадзіны стаянкі паднялі да 5 рублёў (далей за кожную гадзіну заставалася па 2 рублі), праблема зьнікла.

Рэкорды няплаты

Платная паркоўка ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Платная паркоўка ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Пётра Пруднікаў сказаў, што аўтаматычныя сыстэмы зафіксавалі выпадак, калі адзін і той жа кіроўца не плаціў за паркоўку 82 разы. Гэта своеасаблівы рэкорд. На другім месцы кіроўца, які паркаваўся 67 разоў і таксама не заплаціў. Пруднікаў патлумачыў, што дзейная нарматыўная база ня ўлічвае колькасьці парушэньняў, і таму зварот у Суд Фрунзенскага раёну прадстаўнікоў аб’яднаньня ня даў эканамічнага эфэкту, цалкам грошы парушальнікі так і не вярнулі.

Агулам, паводле Пруднікава, добраахвотна аплочваюць паркоўку (на машынамесцах, дзе свабодны доступ, няма шлягбаўму) ў Менску толькі 30% аўтамабілістаў, раней — да 83%.

Чакаюць новых умоваў штрафаў

Тым не менш усе парушэньні аплаты за стаянку працягваюць фіксавацца ў кампутарнай базе.

Галоўны інжынэр спадзяецца, што з прыняцьцем новых нарматыўных дакумэнтаў у гэтай галіне будзе ўлічвацца ня толькі само парушэньне, а і колькасьць такіх выпадкаў. У праекце новай нарматыўнай базы прадугледжваецца так званы «прагрэсіўны штраф» — чым больш парушэньняў, тым больш давядзецца плаціць. Але калі зьявіцца гэтая нарматыўная база, невядома, над ёй у Менскім гарвыканкаме працуюць ужо чатыры гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG