Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэктакль «Час сэканд-хэнд» у Маладэчне і Менску. Алексіевіч ня ў курсе


З рэпэтыцыі спэктакля «Час сэканд-хэнд» у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага
З рэпэтыцыі спэктакля «Час сэканд-хэнд» у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага

14 лістапада на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Горкага ў Менску адбудзецца адзіны паказ спэктакля «Час сэканд-хэнд» паводле аднайменнай кнігі ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятланы Алексіевіч.

Аўтарка кнігі: «Пра пастаноўку нічога ня ведаю»

Як адзначаецца ў афішы, спэктакль у жанры «дакумэнтальная драма» па сваёй сутнасьці ёсьць своеасаблівым падарожжам у «наша савецкае мінулае». Твор напоўнены шматгалосьсем сьведак, у кожнага зь якіх свая адмысловая гісторыя, свой выпакутаваны досьвед жыцьця. Кніга і спэктакль паводле яе дапамагае разабрацца, асабліва моладзі, у дэталях таго часу.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Аповед пра тое, як пасьля развалу дзяржавы людзі выжывалі ў новых умовах, як ламаліся лёсы, а часам і жыцьці былых савецкіх грамадзянаў. Тэатар дапамагае ажывіць успаміны, насыціць іх эмоцыямі. Маналёгі сьведак эпохі як аскепкі памяці — больш яркія і жорсткія за любы прыдуманы мастацкі твор.

«Нават калі нам вельмі хочацца зьмяніць мінулае, гісторыя ня мае ўмоўнага ладу», — цытуе тэатральная афіша Сьвятлану Алексіевіч.

Свабода пацікавілася ў самой аўтаркі, як яна ацэньвае пастаноўку, ці запрашалі яе ў якасьці кансультанта? Аказалася, што пісьменьніца нават ня ў курсе таго, што адбываецца на тэатральных падмостках.

«Не, нічога ня ведала, літаральна ўчора нехта сказаў, што нібыта ставяць, упершыню пачула, — шчыра рэагуе Сьвятлана Алексіевіч. — Магчыма, была ў ад’езьдзе і да мяне „не дастукаліся“, але так разумею, што ўсё зроблена з улікам аўтарскіх правоў, такія рэчы сёньня ігнараваць немагчыма. Шчыра кажучы, нават ня ў курсе гэтай гісторыі».

Як патлумачыла Свабодзе кіраўніца літаратурна-драматычнай часткі тэатру імя Горкага Іна Аксёнава, у рамках Нацыянальнай тэатральнай прэміі спэктакль «Час сэканд-хэнд» пакажа абласны драматычны тэатар, які базуецца ў Маладэчне.

«Гэта ня наша пастаноўка, маладэчанскі калектыў быў адабраны на нацыянальны конкурс і прывязе свой спэктакль, — кажа адміністратарка. — Усе адабраныя працы будуць паказвацца ў лістападзе ў Менску на розных пляцоўках. „Час сэканд-хэнд“, адпаведна, на сцэне нашага тэатру. Фактычна яны арандуюць у нас памяшканьне, а наконт таго, што зьвязана з аўтарскімі правамі, праясьніць не магу».

З рэпэтыцыі спэктакля «Час сэканд-хэнд» у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага
З рэпэтыцыі спэктакля «Час сэканд-хэнд» у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага

​Дырэктар тэатру: «Аўтарскія правы выконваюцца»

Дырэктар абласнога драмтэатру Юры Крывенькі расказаў, што спэктакль «Час сэканд-хэнд» быў пастаўлены адмыслова да 70-гадовага юбілею Сьвятланы Алексіевіч, які яна адзначыла сёлета 31 траўня.

Юры Крывенькі
Юры Крывенькі

«Мы рабілі запыт у Цэнтар інтэлектуальнай уласнасьці, нам далі станоўчы адказ, і вось ужо паўгода адлічваем аўтарскія ганарары. Так што ўсё афіцыйна, — запэўнівае кіраўнік тэатральнай установы. — Прэм’ера адбылася 14 сакавіка, каб да юбілею пісьменьніцы ён „аб’езьдзіўся“, быў у „сабраным“ выглядзе. Апроч таго, мы ведалі, што будзе Нацыянальная прэмія, да яе рыхтаваліся, мастацкі кіраўнік прапанаваў папрацаваць з такім матэрыялам».

Галоўная адміністратарка абласнога тэатру Іна Самовіч дадала, што спэктакль запатрабаваны і мае стабільную аўдыторыю. Якраз той выпадак, калі можна казаць пра посьпех, лічыць яна.

Пастаноўкай і сцэнічнай рэдакцыяй «Часу сэканд-хэнд» займаўся заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валеры Анісенка. Мастак-пастаноўшчык — Андрэй Жыгур, музычнае афармленьне Дзяніса Фешчанкі.

У спэктаклі задзейнічаныя акторы маладэчанскага тэатру: Алена Рахмангулава, якая выступае ад імя аўтара, а таксама Валеры Бабкін, Аляксандра Грасевіч, Барыс Донін, Ірына Камышава, Аляксей Карпец, Тацяна Карпец, Ігар Клімянок, Ірына Кляпацкая, Сяргей Карзей, Эмілія Ларыёнава, Кацярына Панедзька, Людміла Рошчына, Павал Сьвятоха, Дзяніс Фешчанка.

Алексіевіч не пасьпявае сачыць за пастаноўкамі

Як адзначае Юры Крывенькі, праз прадстаўнікоў Сьвятланы Алексіевіч ёй быў накіраваны ліст пра тое, што адзін зь яе твораў будзе ў тэатральным рэпэртуары, але адказу ў Маладэчне не дачакаліся. Сама яна кажа, што пэрсанальнага запрашэньня на прэм’еру не атрымлівала.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Нобэлеўская ляўрэатка дадае, што не абдзеленая ўвагай рэжысэраў і фізычна не пасьпявае сачыць за ўсімі пастаноўкамі. Паводле яе зьвестак, літоўскі рэжысэр Эймунтас Някрошус паставіў зборны спэктакль па матывах яе кніжак, а ягоны расейскі калега Аляксандар Сакураў працуе над «Цынкавымі хлопчыкамі».

«У розных краінах Эўропы разоў 15 ужо глядзела, — гаворыць Сьвятлана Алексіевіч. — З апошняга, што ведаю, у Штутгарце будзе такая зборка: гадзіну ідзе „Барыс Гадуноў“, а сьледам „Сэканд-хэнд“. Так што ўсялякіх варыянтаў. Агулам недзе больш за 100 спэктакляў па розных кнігах. Часам гляджу, а гэта ўжо рэжысэрская імправізацыя. Аснова, вядома, мая, а бачаньне ўжо рэжысэрскае. Таму кожны раз гляджу зь цікавасьцю, бо прапушчана празь сябе іншым чалавекам».

Сьвятлана Алексіевіч была б ня супраць паглядзець, як адаптавалі яе «Час сэканд-хэнд» беларускія творцы. Але праблема ў тым, што даведваецца пра такія пастаноўкі выпадкова. Пра іншых спэктаклі паводле твораў Нобэлеўскай ляўрэаткі ў прафэсійных беларускіх тэатрах невядома.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG