Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад рыхтуе першы кодэкс законаў на дзьвюх мовах


Міністар адукацыі Беларусі Ігар Карпенка
Міністар адукацыі Беларусі Ігар Карпенка

Міністар адукацыі Беларусі Ігар Карпенка выказаў спадзеў, што неўзабаве на разгляд Палаты прадстаўнікоў будзе пададзены праект кодэксу законаў аб адукацыі.

«Міністэрства не зьяўляецца суб’ектам, якое мае права самастойна ўносіць законапраекты ў Палату прадстаўнікоў. Гэта прэрагатыва Савету Міністраў. Адтуль нам ужо чатыры разы вярталі праект кодэксу з рознымі заўвагамі. Але я спадзяюся, што на цяперашнюю сэсію дакумэнт усё ж трапіць», — сказаў Карпенка.

Праект Кодэксу аб адукацыі падрыхтаваны як рабочы дакумэнт толькі на расейскай мове. Аднак міністар Карпенка некалькі разоў заяўляў, што канчатковы варыянт кодэксу будзе перададзены для разгляду дэпутатам на дзьвюх мовах: беларускай і расейскай.

Калі так атрымаецца і дэпутаты яго ўхваляць, то, паводле старшыні ТБМ дэпутаткі Алены Анісім, гэта будзе першы кодэкс, які Палата прадстаўнікоў за ўвесь час свайго існаваньня прыме на дзьвюх мовах.

Альтэрнатыўны законапраект

20 кастрычніка беларускія хрысьціянскія дэмакраты паведамілі, што сумесна з Аленай Анісім ініцыююць прыняцьце новага закону аб адукацыі. Адно з найважнейшых палажэньняў законапраекту — рэальнае раўнапраўе беларускай і расейскай моваў у сфэры адукацыі.

Алена Анісім
Алена Анісім

Альтэрнатыўны законапраект, на думку старшыні Таварыства беларускай мовы Алены Анісім, можа паскорыць прыняцьце Кодэксу аб адукацыі.

«Інфармацыя пра тое, што грамадзкасьць рыхтуе свой законапраект, на мой погляд, можа падварушыць чыноўнікаў. Не выключаю, што яны за тыдзень усё даробяць. Тут жа галоўнае, каб яно было на карысьць, а ня ў піку. Не пра саперніцтва ідзе гаворка, а пра якасьць і пра справу», — сказала спадарыня Анісім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG