Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіроўцу трактара пасьля трагічнага ДТЗ у Чэрыкаўскім раёне затрымалі

Напярэдадні ў выніку сутыкненьня аўтамабіля Renault Logan з прычэпленым да трактара плугам загінулі чатыры жанчыны, яшчэ адна ў цяжкім стане знаходзіцца ў бальніцы.

Па факце ДТЗ распачатая справа паводле ч. 3 арт. 317 КК (парушэньне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць чатырох чалавек і прычыненьне аднаму цяжкіх цялесных пашкоджаньняў)

Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці Сяргей Балсун.

19 кастрычніка 40-гадовая жыхарка Касьцюковічаў, кіруючы аўтамабілем Renault Logan, рухалася па дарозе Магілёў — Чэрыкаў — Касцюковічы ў кірунку Чэрыкава. Прыкладна а 19-й гадзіне, знаходзячыся на 69-м кілямэтры трасы блізу вёскі Падлом’е Чэрыкаўскага раёну машына сутыкнулася прычэпленым да трактара «МТЗ» плугам. Трактар рухаўся ў тым самым напрамку, ім кіраваў 44-гадовы мужчына.

У выніку аварыі кіроўца машыыны і жанчыны 19, 35 і 49 гадоў, якія ехалі зь ёй, загінулі на месцы. Яшчэ адна 19-гадовая пасажырка ў цяжкім стане шпіталізаваная.

Паводле падазрэньня ў злачынстве затрыманы кіроўца трактара.

Супрацоўнікі Сьледчага камітэту шукаюць кіроўцаў і пасажыраў, якія бачылі трактар на згаданым участку дарогі прыблізна а 19.00, а таксама сьведак здарэньня.

Пра гэта паведамляе БелаПАН.

XS
SM
MD
LG