Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саграда Фамілія заплаціць € 36 млн за будаўніцтва безь ліцэнзіі


Адміністрацыя сабору Сьвятога Сямейства (Саграда Фамілія) у Барсэлёне пагадзілася выплаціць мэрыі гораду 36 мільёнаў эўра за тое, што апошнія 133 гады храм будаваўся без адпаведнага дазволу. Аб гэтым піша гішпанская газэта El Pais.

Храм будзе выплачваць кампэнсацыю на карысьць гораду на працягу 10 гадоў. У мэрыі Барсэлёне паабяцалі накіраваць гэтыя сродкі на паляпшэньне інфраструктуры побач з саборам. У прыватнасьці, улады хочуць добраўпарадкаваць прылеглыя вуліцы і аўтобусныя прыпынкі. Як адзначае El Pais, за год храм Саграда Фамілія наведваюць каля 4,5 мільёнаў турыстаў, што прыносіць каля 50 мільёнаў эўра прыбытку.

Бакі таксама дамовіліся, што адміністрацыя храму ўсё ж атрымае неабходную ліцэнзію на правядзеньне будаўнічых работ. Чакаецца, што дакумэнт выдадуць да пачатку наступнага году.

Храм Сьвятога Сямейства пачалі ўзводзіць у 1882 годзе паводле задумы архітэктара Антоніё Гаўдзі. Першапачаткова будынак будавалі толькі на ахвяраваньні вернікаў. Сабор дагэтуль застаецца недабудаваным. Мяркуецца, што працы завершацца ў 2026 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG