Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША пачалі працэс выхаду з Сусьветнага паштовага зьвязу


Галоўная старонка сайту Сусьветнага паштовага зьвязу, ілюстрацыйнае фота
Галоўная старонка сайту Сусьветнага паштовага зьвязу, ілюстрацыйнае фота

Адміністрацыя Трампа незадаволеная міжнародным паштовымі тарыфамі, якія, зь яе пункту гледжаньня, даюць перавагі Кітаю ды іншым краінам.

ЗША ініцыявалі афіцыйную працэдуру выхаду з адной з найстарэйшых міжнародных арганізацый з прычыны незадаволенасьці тарыфамі на дастаўку міжнародных дробных пакетаў у ЗША, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Дзяржаўны дэпартамэнт накіраваў у сераду афіцыйнае паведамленьне аб выхадзе з Сусьветнага паштовага зьвязу (СПЗ), так званы ліст аб дэнансацыі.

Падставай для гэтага паслужылі несправядлівыя, на думку адміністрацыі прэзыдэнта Дональда Трампа, перавагі ў інтэрнэт-гандлі, якія атрымлівае галоўным чынам Кітай, але таксама іншыя краіны, такія як Францыя і Нямеччына.

У дзейнай міжнароднай паштовай сыстэме адпраўка пакета з Кітаю ў Амэрыку абыходзіцца таньней, чым з аднаго пункту ЗША ў другі.

«Гэта кладзецца цяжкім цяжарам на амэрыканскую паштовую сыстэму», якой даводзіцца вызначаць больш высокія тарыфы для амэрыканскіх кампаній для перакрыжаванага субсыдаваньня, «а гэта азначае страту рабочых месцаў», — заявіў высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі Трампа, выступаючы перад журналістамі на брыфінгу.

Па словах чыноўніка, несправядлівыя паштовыя тарыфы таксама выкарыстоўваюцца Кітаем для адпраўкі ў ЗША кантрабандных тавараў і наркотыкаў, такіх як фэнтаніл.

З гэтага часу ЗША будуць «самастойна вызначаць тарыфы» на пакеты вагой да двух кіляграмаў для карэкцыі «сур’ёзнага эканамічнага перакосу».

Працэс выхаду з 144-гадовай арганізацыі, якая базуецца ў Швайцарыі, зойме год, а тым часам ЗША будуць дамагацца перагляду тарыфаў на перасылку пакетаў.

Сара Сандэрс
Сара Сандэрс

«Калі перамовы будуць пасьпяховымі, адміністрацыя гатовая адклікаць паведамленьне аб выхадзе і застацца ў складзе СПЗ», — заявіла прэс-сакратарка Белага дома Сара Сандэрс.

Рашэньне аб выхадзе з СПЗ, які сёньня ўваходзіць у сыстэму арганізацый ААН, стала чарговым крокам Трампа, накіраваным супраць сыстэмы міжнародных шматбаковых пагадненьняў і дамоваў, якую амэрыканскі прэзыдэнт абвінавачвае ў падрыве канкурэнтаздольнасьці ЗША.

Яно таксама было прынята на фоне эскаляцыі гандлёвых спрэчак паміж Пэкінам і Вашынгтонам, якія прывялі да ўвядзеньня ЗША мытаў на імпарт з Кітаю прыкладна на 250 мільярдаў даляраў, на што Пэкін адказаў аналягічнымі мытамі на амэрыканскія тавары коштам 110 мільярдаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG