Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Запляміў краіну і запляміў сябе». Як ЗША паступяць з савудаўскім саюзьнікам?


Мухамэд ібн Салман

У аўторак прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў не сьпяшацца з высновамі адносна таго, што здарылася з савудаўскім журналістам Джамалем Хашокджы ў консульстве Савудаўскай Арабіі ў Стамбуле, куды ён зайшоў 2 кастрычніка і бясьсьледна зьнік. Турэцкія ўлады сьцьвярджаюць, што ў іх ёсьць доказы таго, што ён быў забіты на тэрыторыі консульства. Паводле дадзеных прэсы, савудаўскія ўлады гатовыя прызнаць факт забойства. Між тым гэты інцыдэнт паставіў Белы дом перад складанай дылемай: што рабіць, калі да забойства журналіста мае дачыненьне кіраўніцтва краіны-саюзьніцы.

Па меры таго як вэрсія забойства вядомага крытыка савудаўскіх уладаў Джамаля Хашокджы ў сьценах савудаўскага консульства становіцца ўсё больш рэалістычнай, у Вашынгтоне гучаць усё больш гучныя заклікі адказаць з усёй рашучасьцю на дзеяньні савудаўцаў, даўніх саюзьнікаў Злучаных Штатаў.

Адзін з паплечнікаў Дональда Трампа, сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм падчас інтэрвію тэлекампаніі Foxnews заклікаў нават да адхіленьня ад улады насьледнага прынца Мухамэда ібн Салмана, які, як лічыцца, зьяўляецца фактычным кіраўніком каралеўства. «Гэты чалавек павінен сысьці, — настойвае Грэм. — Савудаўская Арабія, калі ты мяне слухаеш, у цябе ёсьць нямала годных людзей, зь якіх можна выбіраць, Мухамэд ібн Салман запляміў краіну і запляміў сябе».

Ліндсі Грэм
Ліндсі Грэм

Грэм, раней адзін зь вядучых прыхільнікаў шчыльнага супрацоўніцтва з Эр-Рыядам, абвясьціў, што ён адчувае, што савудаўцы ім скарысталіся. Паводле яго, насьледны прынц ніколі ня зможа стаць у шэраг сусьветных лідэраў. Яшчэ адзін вядомы сэнатар-рэспубліканец, Марка Рубіё, папярэдзіў, што гэтае забойства зьнішчыла любыя прасаудовские настроі ў Кангрэсе. «Ніхто ў Кангрэсе не жадае падтрымліваць адносіны з Савудаўскай Арабіяй у іх цяперашнім выглядзе. Яны завабілі гэтага чалавека ў сваё консульства, забілі яго, а затым расчлянілі ягонае цела», — сказаў Рубіё ў тэлеінтэрвію.

У аўторак многія камэнтатары заўважылі, што прэзыдэнт Трамп застаецца адзіным высокапастаўленым амэрыканскім палітыкам, хто ў сваіх публічных заявах гатовы трактаваць сумневы на карысьць савудаўскіх уладаў. Два дні таму Дональд Трамп папярэдзіў пра «цяжкія наступствы», калі будзе даведзенае дачыненьне савудаўскага ўраду да забойства Хашокджы, але затым прэзыдэнт выказаў здагадку, што за яго зьнікненьнем могуць стаяць «забойцы-ізгоі».

Пасьля тэлефонных размоваў з каралём і насьледным прынцам Савудаўскай Арабіі ў панядзелак і аўторак прэзыдэнт Трамп некалькі разоў паўтарыў, што абодва ягоныя суразмоўцы настойваюць на тым, што ім нічога невядома пра інцыдэнт у Стамбуле, яны праводзяць расьсьледаваньне гэтага інцыдэнту, вынікі якога будуць вядомыя празь некалькі дзён. Такое ж запэўніваньне атрымаў і віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс, якi сустрэўся з савудаўскім кіраўніцтвам у Эр-Рыядзе

Між тым спроба пакараць савудаўцаў самым відавочным спосабам — адмовай ад продажу каралеўству амэрыканскіх узбраеньняў — напэўна абыдзецца вельмі нятанна для Злучаных Штатаў, адзначае амэрыканскі карэспандэнт расейскай службы Радыё Свабода Юры Жыгалкін. Размова ідзе аб кантрактах на сотні мільярдаў даляраў. Дональд Трамп сказаў зусім адкрыта, што ён ня хоча, каб у выніку цярпелі вядучыя амэрыканскія карпарацыі і амэрыканскія рабочыя. Акрамя гэтага, супрацоўніцтва з Савудаўскай Арабіяй — адным з найбуйнейшых вытворцаў нафты — асабліва важнае для адміністрацыі Трампа, якая спрабуе заблякаваць экспарт іранскай нафты. Савудаўцы адыгрываюць і важную ролю супрацьвагі Тэгерану на Блізкім Усходзе. Іншымі словамі, публічная сварка з Эр-Рыядам адміністрацыі Трампа зусім не патрэбная.

У дылемы, перад якой апынуўся Белы дом, няма відавочнага вырашэньня, лічыць Марк Катц, амэрыканскі спэцыяліст па Блізкім Усходзе, прафэсар унівэрсытэту імя Джорджа Мэйсана:

— З аднаго боку, амэрыканскі бізнэс, амэрыканскі абаронны істэблішмэнт хоча працягваць падтрымліваць цесныя сувязі з Савудаўскай Арабіяй.

Зь іншага боку, я б сказаў, Савудаўская Арабія палітычна непапулярная ў ЗША — і ня толькі сярод левага крыла дэмакратычнай партыі, многія кансэрватыўныя рэспубліканцы зь вялікім скепсісам ставяцца да савудаўцаў, абвінавачваючы іх у арганізацыі тэрарыстычных нападаў 11 верасьня, нямала людзей лічыць, што насьледны прынц падпарадкоўваецца небясьпечным інстынктам, праводзіць вельмі рызыкоўную зьнешнюю палітыку, зьдзейсьніў мноства памылак, забойства журналіста, хутчэй за ўсё, адна зь іх, і было б лепш, калі б ён быў заменены на гэтай пасадзе іншым прадстаўніком каралеўскай сям’і.

У насьледнага прынца ёсьць выбар: ён можа павярнуцца да Расеі ці Кітаю

Але Злучаныя Штаты ня могуць уплываць на гэтыя працэсы, тым больш што ў насьледнага прынца ёсьць выбар. Ён можа павярнуцца да Расеі ці Кітаю. І я ўпэўнены, што гэтыя дзьве краіны думаюць пра тое, як навярнуць сытуацыю на сваю карысьць, калі амэрыкана-савудаўскія адносіны пагоршацца.

— Такое магчыма? Як можа вырашыцца гэтая сытуацыя?

— Больш верагоднае захаваньне адносінаў. Цалкам магчыма, што мы пачуем больш крытыкі з боку Вашынгтону. Я падазраю, што ў выніку расьсьледаваньня будзе агучаная больш-менш праўдападобная гісторыя пра выпадковае забойства ці пра тое, што хтосьці дзейнічаў без указаньня зьверху.

Савудаўцы, як і любы аўтарытарны рэжым, ня вельмі ўсьведамляюць, што падобныя паводзіны могуць быць пакараныя

У рэшце рэшт, для Злучаных Штатаў важна, каб гэтая гісторыя паслужыла ўрокам на будучыню для савудаўцаў. Таму што ёсьць адчуваньне, што яны, як і любы аўтарытарны рэжым, ня вельмі ўсьведамляюць, што падобныя паводзіны могуць быць пакараныя. Маўляў, нікому не павінна быць справы да таго, што мы робім са сваімі ўласнымі грамадзянамі.

Тут дарэчная паралель з Расеяй. Дастаткова паглядзець на паводзіны Крамля, які, мяркуючы па ўсім, атручвае тых, каго яны лічаць здраднікамі, не ўсьведамляючы, які ўдар такія дзеяньні могуць нанесьці адносінам Расеі зь іншымі краінамі. А мы бачым, якую шкоду яны нанесьлі Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG