Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы частку расейскага газу заменяць на амэрыканскі

Танкер са звадкаваным газам у польскім порце Сьвінавуйсьце
Танкер са звадкаваным газам у польскім порце Сьвінавуйсьце

У Польшчы падпісаны кантракт на пастаўку звадкаванага газу з ЗША на працягу бліжэйшых 20 гадоў, заявіў кіраўнік польскага ўраду Тадэвуш Маравецкі.

У рамках дамоваў з трыма кампаніямі, Польшча штогод будзе купляць больш за пяць мільярдаў кубамэтраў прыроднага газу (краіна спажывае каля 16 мільярдаў кубамэтраў на год). Пастаўкі будуць праходзіць па формуле Free on Board. Гэта азначае, што польская кампанія становіцца ўладальнікам сыравіны ўжо пры адпраўцы і сама будзе вызначаць порт прызначэньня. Кіраўнік нафтагазавага канцэрну ўдакладніў, што разглядаецца павелічэньне аб’ёму паставак амэрыканскага газу ў будучыні.

Кошт кантракту пакуль не падаецца да ведама. У верасьні падчас візыту ў Варшаву прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абяцаў краіне пастаўкі «велізарнай колькасьці паліва па добрай цане».

Паступовае зьніжэньне залежнасьці ад расейскага газу — стратэгічная мэта польскага ўраду. У краіне даўно незадаволеныя высокімі цэнамі на расейскае паліва, якія лічаць палітычнымі. Польскі нацыянальны нафтагазавы канцэрн з гэтай нагоды падаў пазоў у арбітражны суд у Стакгольме супраць Газпрому.

У першай палове 2018 году Расея забясьпечыла 75 адсоткаў спажываньня прыроднага газу ў Польшчы. Дамоўленасьць з амэрыканскімі кампаніямі — падрыхтоўка да зьмены кантракту па пастаўцы газу з Расеі, які заканчваецца ў 2022 годзе.

XS
SM
MD
LG