Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вашынгтон увёў санкцыі да 20 іранскіх кампаній


Ілюстрацыйнае фота. Будынак міністэрства фінансаў ЗША ў Вашынгтоне
Ілюстрацыйнае фота. Будынак міністэрства фінансаў ЗША ў Вашынгтоне

Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі ў дачыненьні 20 іранскіх кампаній і банкаў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні на сайце Міністэрства фінансаў ЗША.

Абмежаваньні ўведзеныя за фінансавую дапамогу аднаму з апалчэньняў, якое ўваходзіць у Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (элітнае вайскова-палітычнае фармаваньне ў Іране). Акрамя таго, Мінфін абвінаваціў апалчэньне ў выкарыстаньні дзяцей у якасьці салдатаў у Сырыі.

Амэрыканскім кампаніям забаронена ажыцьцяўляць угоды з кампаніямі і структурамі, якія трапілі у санкцыйны сьпіс. Наяўныя ў ЗША актывы іранскіх кампаній блякуюцца.

Рыхтуюцца санкцыі супраць расейскіх кампаній

Улады ЗША могуць таксама ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да расейскіх кампаній, якія працуюць у Сырыі. Адміністрацыя Дональда Трампа ўжо распрацоўвае адпаведны плян, паведамляе тэлеканал NBC News са спасылкай на крыніцы.

Санкцыі ў першую чаргу могуць закрануць кампаніі, якія займаюцца праектамі па аднаўленьні Сырыі. ЗША таксама маюць намер адмовіцца ад даваньня сродкаў на аднаўленьне раёнаў, у якіх знаходзяцца іранскія і расейскія войскі, паведамілі тры крыніцы выданьня.

Стасункі Вашынгтону і Тэгерану абвастрыліся ў траўні. Тады прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб выхадзе з шматбаковай «ядзернай угоды» з Іранам і паэтапнае аднаўленьне санкцый супраць яго. Амэрыканскія і ізраільскія ўлады ўпэўненыя, што заключаны тры гады таму дагавор дазваляў іранцам атрымаць сродкі на тайную распрацоўку ядзернай зброі. У Тэгеране адмаўляюць абвінавачваньні. Эўразьвяз не пагадзіўся з ЗША і заявіў аб распрацоўцы захадаў, якія дазволяць ухіліцца ад выкананьня амэрыканскіх санкцый.

Дагавор аб згортваньні Тэгеранам сваёй ядзернай праграмы ў абмен на зьмякчэньне міжнародных санкцый быў падпісаны ў 2015 годзе Іранам з аднаго боку і ЗША, Францыяй, Вялікай Брытаніяй, Расеяй, Кітаем, Нямеччынай з другога.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG