Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне абвясьціў сябе клірыкам Канстантынопальскага патрыярхату


Маніфэстацыя ў падтрымку рашэньня Канстантынопальскага патрыярхату, якое адкрывае шлях да стварэньня аўтакефальнай царквы ва Ўкраіне, 14 кастрычніка 2018
Маніфэстацыя ў падтрымку рашэньня Канстантынопальскага патрыярхату, якое адкрывае шлях да стварэньня аўтакефальнай царквы ва Ўкраіне, 14 кастрычніка 2018

Вядомы герарх Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, былы сакратар цяпер нябожчыка мітрапаліта Кіеўскага Уладзіміра, мітрапаліт Аляксандар (Драбінка) абвясьціў сябе клірыкам Канстантынопальскага патрыярхату. Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.

«На апошнім пасяджэньні Канстантынопальскі патрыярхат адмяніў перадачу Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату. З тых часоў мы можам лічыць, што тэрыторыя Ўкраіны зьяўляецца тэрыторыяй адноўленай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату. Уласна, з гэтага моманту (пасьля прыняцьця такога рашэньня) мы зьяўляемся, на сёньняшні дзень, духоўнымі асобамі Канстантынопальскай царквы» — заявіў мітрапаліт Пераяслаў-Хмяльніцкі і Вішнеўскі Аляксандар у інтэрвію інтэрнэт-каналу «Громадське ТБ».

Паводле яго, каб «усё было мірна і пасьпяхова», кожны зь япіскапаў Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) павінен правесьці епархіяльны сход, а духавенства, адпаведна, парафіяльны сход, каб вызначыцца, хто хоча знаходзіцца ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве, а хто хоча застацца ў падпарадкаваньні Маскоўскага патрыярхату.

Пры гэтым мітрапаліт Аляксандар лічыць, што рашэньне самога герарха, кіраўніка УПЦ МП Ануфрыя, пераходзіць у УПЦ або заставацца пры Маскоўскім патрыярхаце, будзе яго асабістым рашэньнем і «застанецца на сумленьні самога ўладыкі».

11 кастрычніка Сынод у Стамбуле пазбавіў юрыдычнай сілы свой указ ад 1686 году аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскве, абвясьціў аб стварэньні свайго падвор'я ў Кіеве і рэабілітаваў лідэраў самаабвешчаных праваслаўных цэркваў ва Ўкраіне. УПЦ МП гэтыя рашэньні не прызнала, не прызнаў іх і Маскоўскі патрыярхат, які ў адказ на паседжаньні Сыноду РПЦ у Менску 15 кастрычніка абвясьціў аб поўным разрыве адносінаў з Канстантынопальскай царквой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG