Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп лічыць, што Ўладзімір Пуцін, «магчыма», мае дачыненьне да забойстваў і атручваньняў. Пра гэта Трамп заявіў у інтэрвію тэлеканалу CBS.
На пытаньне карэспандэнта, ці згодны Трамп, што Пуцін мае дачыненьне забойстваў і атручваньняў, прэзыдэнт ЗША адказаў: «Так, магчыма, мае. Магчыма». Трамп таксама дапусьціў умяшаньне Расеі і Кітаю ў выбары ў ЗША, заўважыўшы пры гэтым, што ўплыў Пэкіну — «больш сур’ёзная праблема».
Таксама Трамп заявіў, што «праяўляе жорсткасьць» у зносінах з Уладзімірам Пуціным. Ён назваў сустрэчу з расейскім прэзыдэнтам, якая адбылася ў ліпені ў Хэльсынкі, «жорсткай і вельмі добрай».
На мінулым тыдні СМІ паведамілі, што прэзыдэнты Расеі і ЗША могуць сустрэцца на Арктычным саміце ў Фінляндыі ў лютым наступнага году.
У жніўні ЗША ўвялі ў дачыненьні Расеі першы раўнд санкцыяў у сувязі з атручэньнем былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў ангельскім горадзе Солсбэры. Вашынгтон і многія заходнія краіны падтрымаў высновы Лёндану ў тым, што менавіта расейская выведка атруціла Скрыпалёў.
У рамках санкцый уведзена поўная забарона на экспарт у Расею так званых электронных прылад двайнога прызначэньня, тэхналёгій, зьвязаных са сфэрай нацыянальнай бясьпекі ЗША, здабычай нафты і газу. У лістападзе чакаецца другі раўнд санкцый супраць Расеі, паколькі яна адмовілася гарантаваць непрымяненьне хімічнай зброі і дапусьціць міжнародных назіральнікаў у свае лябараторыі.