Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга Арлова і Герасімовіча «Краіна Беларусь» выйшла па-нямецку


«Краіна Беларусь», папулярная кніга пісьменьніка Ўладзімера Арлова, створаная ў суаўтарстве з мастаком Зьмітром Герасімовічам, выйшла ў перакладзе на нямецкую мову.

Яна зьявілася ў сьвет у выдавецтве «KOPA» (Літоўская Рэспубліка) пры падтрымцы Інстытуту Гётэ і фонду Конрада Адэнаўэра. Пераклад зрабіў знаны нямецкі беларусіст Андрэ Бём. Наклад— 2 тысячы асобнікаў.

У арыгінале па-беларуску «Краіна Беларусь», якая мае падзагаловак «Ілюстраваная гісторыя», выйшла ў 2003 годзе. З таго часу яна вытрымала тры выданьні агульным накладам 13 тысяч асобнікаў.

У 2013-м «Краіна Беларусь» трохтысячным накладам зьявілася па-ангельску ў перакладзе прафэсара Лёнданскага ўнівэрсытэту, славутага беларусіста Джыма Дынглі. Тады ж на кніжным рынку зьявіўся і яе расейскамоўны варыянт у аўтарскім перакладзе.

Арыгінал кнігі «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае» па-беларуску, выдадзены ў 2012 годзе
Арыгінал кнігі «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае» па-беларуску, выдадзены ў 2012 годзе

Займальная і даступная для чытача любога ўзросту, гэтая кніга ўводзіць у сьвет беларускай мінуўшчыны ад найстаражытнейшых часоў да пачатку XX стагодзьдзя, калі беларусы зноў сталі дзяржаўным народам ужо пад сваёй сучаснай назвай. На старонках кнігі чытач сустракаецца з выдатнымі гістарычнымі асобамі, даведваецца пра жыцьцё і побыт, вайсковыя перамогі і культурныя дасягненьні беларусаў у розныя эпохі.

У кнізе больш за дзьве тысячы ілюстрацыяў, у тым ліку ўнікальныя летапісныя мініятуры, сярэднявечныя гравюры, рэдкія фатаздымкі.

Адметнасьць кнігі ў тым, што гісторыя Беларусі ў ёй разглядаецца як частка агульнаэўрапейскага руху цывілізацыі. Гэты погляд цяпер даступны і нямецкамоўнаму чытачу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG