Сьледчыя з Кастрычніцкага раёну Менску расказалі пра абставіны нападу 6 кастрычніка.
Паводле сьледчых, мужчына забраўся ў кватэру менскай пэнсіянэркі ў пошуках буйной сумы грошай — за некалькі дзён да таго ён быў у яе дома, непрыкметна скраў ключы. Другі мужчына тым часам размаўляў з гаспадыняй кватэры на вуліцы, каб адцягнуць ейную ўвагу.
Але пэнсіянэрка прыйшла дамоў раней, чым чакалі. Злачынца пачаў пагражаць ёй нажом і патрабаваць грошы. Жанчына, паводле сьледчых, «аказала актыўнае супраціўленьне», і рабаўніку давялося ўцячы ні з чым. Ці пацярпела жанчына, не ўдакладняецца.
У час рабаваньня злодзей хаваў свой твар, ды марна. Праваахоўнікі выявілі, затрымалі і ўзялі пад варту 32-гадовага раней судзімага менчука і 33-гадовага грамадзяніна Расеі. Цяпер ім пагражае ад 8 да 15 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці за разбой паводле ч. 3 арт. 207 КК Беларусі.