Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: Расея павінна далучыцца да Ўкраіны ў імкненьні да міру


Прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту Гэзэр Наўэрт
Прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту Гэзэр Наўэрт

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША вітае ўлады Ўкраіны з падаўжэньнем дзеяньня закону аб асаблівым парадку самакіраваньня на акупаваных тэрыторыях і заклікае Расею далучыцца да Ўкраіны ў імкненьні да міру. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Дзярждэпартамэнту Гэзэр Наўэрт.

«Працягнуўшы дзеяньне закону, які павінен быў перастаць дзейнічаць учора, Украіна прадэманстравала, што працягвае быць адданай мірнаму разьвязваньню канфлікту і імплемэнтацыі менскіх пагадненьняў. Рашучыя крокі Ўкраіны ў бок міру рэзка кантрастуюць зь няздольнасьцю Расеі выконваць менскія абавязаньні», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай 11 кастрычніка.

У Дзярждэпартамэнце падкрэсьлілі, што Масква мусіць забясьпечыць агульнае і поўнае спыненьне агню і адмяніць незаконныя, фіктыўныя «выбары», якія яна арганізуе на падкантрольных Расеі тэрыторыях на ўсходзе Ўкраіны.

«Мы заклікаем Расею далучыцца да Ўкраіны ў імкненьні да міру. Расея і сілы, якія яна ўзбройвае, трэніруе, якія яна накіроўвае і разам зь якімі ваюе, дагэтуль ня выканалі шматразовых абяцаньняў спыніць варожыя дзеяньні, вывесьці замежных байцоў, абмяняцца затрыманымі ці распусьціць незаконныя ўзброеныя фармаваньні», — адзначае Наўэрт.

У Дзярждэпартамэньце падкрэсьлілі, што застаюцца адкрытымі да дыялёгу з Расеяй з мэтай аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў і працягваюць падтрымліваць намаганьні Францыі і Нямеччыны, накіраваныя на рэалізацыю менскіх дамоўленасьцяў.

4 кастрычніка Вярхоўная Рада прыняла, а прэзыдэнт Пятро Парашэнка падпісаў падаўжэньне дзеяньня закону «Аб асаблівым парадку мясцовага самакіраваньня ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей».

Закон аб асаблівым парадку самакіраваньня на Данбасе Вярхоўная Рада прыняла ў верасьні 2014 году тэрмінам на тры гады. Ім прадугледжана, што асаблівы парадак на асобных тэрыторыях будзе ўведзены «пасьля выкананьня ўсіх умоў, выкладзеных у артыкуле 10 закону, у прыватнасьці ў частцы, якая датычыцца вываду ўсіх незаконных узброеных фармаваньняў, іх ваеннай тэхнікі, а таксама баевікоў і наймітаў з тэрыторыі Украіны». У кастрычніку 2017 парлямэнт падоўжыў дзеяньне закону на год.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG