Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Язэп Драздовіч. Мастак, які марыў зьбегчы на іншыя плянэты


Язэп Драздовіч. 1920 год

13 кастрычніка спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэньня аднаго з самых незвычайных беларускіх мастакоў Язэпа Драздовіча.

П. Сергіевіч. Партрэт Язэпа Драздовіча. 1932 год
П. Сергіевіч. Партрэт Язэпа Драздовіча. 1932 год

У яго графіцы, жывапісе, маляваных дыванах і разьбярскіх творах цудоўным чынам сумясьціліся захапленьне мадэрнам, сымбалізмам і народнай творчасьцю. Непрыкаянасьць і вечныя бадзяньні Драздовіча, адсутнасьць уласнага жыльля прыносіла яму пакуту, але разам з тым ратавала і ад рэпрэсій, бо часта мастака ні фашыстоўскія, ні бальшавіцкія ўлады не маглі знайсьці.

Зь ягоных фантастычных твораў многія (нават самыя блізкія сябры) сьмяяліся, лічылі яго вар’ятам. У выніку ж сёньня Драздовіч — адзін з самых вядомых і адметных мастакоў Беларусі, пра якога пішуць кнігі і выпускаюць альбомы, а многія ягоныя вясёлыя таварышы засталіся ў цені гісторыі.

1. Калі ў «Нашай Ніве» не знайшлі адасланых ім карцін і рукапісаў, пагражаў рэдактару, што ўвогуле кіне маляваць

Я. Драздовіч. Пагоня. 1927 год
Я. Драздовіч. Пагоня. 1927 год

«Сярод архіўных дакумэнтаў захоўваецца ліст Язэпа Драздовіча /.../ у газэту „Наша Ніва“ /.../. Драздовіч непакоіцца, бо ня мае пацьвярджэньня пра тое, што яго пасылка, якую ён даслаў на адрас рэдактара „Нашай Нівы“ пана Ўласава, была атрымана ў Вільні. У пасылцы знаходзіліся малюнкі — „абразкі Беларусі“ Язэпа Драздовіча, пісаныя алейнымі фарбамі, сярод іх „Трызна мінуўшчыны“, „Злыя чары“ і інш. Акрамя таго, як піша Драздовіч, там было і „некалькі рысункаў-віньетак, зробленых пяром“, і некалькі вершаў у прозе».

Пасылка згубілася, мастак узнэрваваны: «Гэта падрывае ўсе мае надзеі на будучае маё штукарства. Я буду змушаны ўсё закінуць і не маляваць болей — малярства надта губіць здароўе і нэрвы. Прабачце, пане, што я пішу, што называецца „нябрэжна“, сьпяшаючыся /.../ 14.01.1914 г.» (Тацьцяна Кабржыцкая. Антон Грыневіч — паплечнік Язэпа Драздовіча / Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак. 2014).

2. Супрацоўнік «Нашай Нівы» Зьмітрок Бядуля быў проста загіпнатызаваны яго карцінай «Трызна мінуўшчыны», таму, відаць, не адразу і адказаў Драздовічу, што ўсё дасланае знайшлося

Я. Драздовіч. Вільня. Выгляд з Базылянаў на Басокі. 1924 год
Я. Драздовіч. Вільня. Выгляд з Базылянаў на Басокі. 1924 год

​«Гэта чалавек зь вялікім малярскім талентам, з багатай фантазіяй у сваёй творчасьці /.../ Як самавучка ён яшчэ добра не выштудыяваў малярскіх старых і новых школ, але ў яго ёсьць свой стыль, самабытны і арыгінальны. Чуецца ў яго творах багатая фантазія, містычнасьць і сымболіка.

Мо тут ня месца, але дазволю сабе апісаць адзін яго твор пад назваю „Трызна мінуўшчыны“: Месячнае зьзяньне містычнымі праменьнямі атуляе могліцы. Крыжы і пліты магільныя адкідаюць наўскос цені. Так і гавораць фарбы аб паўночнай цішыні і казачнасьці сьмерці... Вее жудасьцю... Але ад сьмерці пачынаецца новае жыцьцё. У гнілі родзяцца кветкі хараства. І вось з адной магілы выступае чалавечы чэрап. Так і чуецца, здаецца, што ён, нямы, лезе ўверх, рассыпаючы вакол сябе жоўты пясок. Вочы ў чэрапа сьвецяцца фасфарычным адсьветам. Праменьні разыходзяцца па баках, і ў лініях гэтых праменьняў вызначаюцца дзьве багіні дзіўнай пекнаты...

Шмат ёсьць у п. Драздовіча гэтакіх багатых фантазіяў, напісаных у духу Чурляніса...» (Зьмітрок Бядуля. Штрыхі аб беларускай культуры).

3. Не любіў крайнасьцяў

Я. Драздовіч. Усяслаў Полацкі сядзіць у порубе пад палатамі кіеўскага князя. 1923 год
Я. Драздовіч. Усяслаў Полацкі сядзіць у порубе пад палатамі кіеўскага князя. 1923 год

У яго дзёньнікавых запісах (13.04.1933 г.) чытаем: «І фанатыкі, і бязбожнікі — адной маткі дзеці, крайнасьці... Няма жыцьця ў крайнасьцях... Нішто не жывець, не расьцець у агні. Нішто не жывець, не расьцець і ў марозе. Толькі між агнём і марозам усё жывець, усё расьцець, усё цьвіцець, разьвіваецца, красуецца.

Не кажы, што я мудрэй ад усіх. Не кажы, што я дурней ад усіх... не кажы, што я найсільнейшы, не кажы, што я й найслабейшы... /.../ Не кажы, што я добры, не кажы і што я благі. Ня будзь ні горак, ні соладак. Будзеш горак — праклянуць, а соладак — праглынуць. Згубіў — не смуціся, а знайшоў — ня радуйся. Не хвалі і ня гань. Не цьвярдзі ніколі таго, чаго цьвёрда, пэўна ня ведаеш» (Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак. 2014).

4. Выпітыя бутэлькі называў «сваёй бібліятэкай»

Я. Драздовіч. Віньетка да нотаў беларускага нацыянальнага гімна
Я. Драздовіч. Віньетка да нотаў беларускага нацыянальнага гімна

Па ўспамінах Максіма Танка:

«Любіў выпіць стары. Здаецца, Машара расказваў: зайшоў неяк да яго — а там з аднаго кутка аж у другі стаяць пустыя бутэлькі. „Што гэта, Язэп, у цябе?“ „Не чапай, — кажа, — гэта мая бібліятэка...“»

(Мікола Мікуліч. Максім Танк. На скразьняках стагодзьдзя. 1999).

5. Быў расчараваны Беластокам і параўноўваў яго з Баранавічамі

У дзёньніках знаходзім (6.03.1933 г.): «А вось і Беласток. /.../ Уражаньне ад горада такое: вялікае старадаўняе сяло, ня надта даўно перайшоўшае ў стан багацеючага горада /.../. Нічым ня розьніцца ад новаўбудаваных Баранавіч — ні ракі, ні возера, ні прыгожых узгор’яў ці даліны» (Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак. 2014).

6. Дасылаў свае творы ў савецкі Менск (у Інбелкульт), дзе яму ледзьве не «скруцілі» ганарар

Я. Драздовіч. Кутняя вежа на Замкавай гары ў Вільні. Выгляд ад Бэрнардзінскага саду. 1930 год
Я. Драздовіч. Кутняя вежа на Замкавай гары ў Вільні. Выгляд ад Бэрнардзінскага саду. 1930 год

Дапамог мастаку ў тым, каб яму выплацілі належнае, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, які ў адным зь лістоў да Язэпа Драздовіча пісаў (6.09.1928 г.):

«Моцна быў я зьдзіўлены, калі зь лісту Вашага даведаўся, што Вы не атрымалі прызначаных Вам Інбелкультам 75 рублёў. З прычыны вакацыі і адсутнасьці інбелкультавага кнігавода, каторы быў у водпуску, ня мог я дагэтуль навесьці спраўкі і выясьніць. Цяпер, калі кнігавод вярнуўся, аказалася, што к вялікаму стыду канцылярыі Інбелкульта пастанова гэта па нядбаласьці дзелавода, каторы забыўся, была ня выканана: грошы не былі Вам пасланы. Усе былі пэўны, што грошы гэтыя Вы даўно атрымалі, аж вось табе на!

Каб не аднавіўшаяся перапіска наша, так бы гэта і асталося, ніхто б і не заўважыў... /.../ Дзелавод апраўдываецца тым, што, атрымаўшы гэтую пастанову, ён зараз жа паслаць яе ня мог, бо ня меў Вашага адрэсу /.../ і адлажыў, а потым і забыўся. Цяпер гэтыя грошы будуць на днях Вам пасланы» (Ганна Запартыка. Язэп Драздовіч і Браніслаў Эпімах-Шыпіла. / Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак. 2014).

7. Абураўся, што Наваградзкая гімназія, дзе ён працаваў выкладчыкам, ня плаціць яму заробку, патрабаваў поўнай выплаты і падаў заяву аб звальненьні

Я. Драздовіч. Танцорка. 1927 год
Я. Драздовіч. Танцорка. 1927 год

У яго лісьце да пэдагагічнай рады Наваградзкай беларускай гімназіі (14.12. 1929 г.) чытаем:

«Дзякуючы такому мізэрнаму свайму эканамічнаму становішчу, дзякуючы тым чарговым галадоўкам, каторыя пад канец кожнага месяца /.../ прыходзіцца мне перанасіць, сілы майго здароўя час ад часу пачынаюць надрывацца, падупадаці, і, не жадаючы на дале давадзіць сябе, пры такіх варунках, да крайнасьцяў, такіх, як катар жалудка, нэўрастэнія і сухоты, — зьвяртаюся да паважаных бацькоў і пэдагагічнай рады і ветліва прашу: будзьце ласкавы выплаціць мне на дапамогу для папраўленьня майго падупалага здароўя, падорванага на абавязку працы для Вашай паважанай Гімназіі, — суму разьмерам маёй поўнай трохмесячнай пэнсіі, як кампэнсацыю за недаплачываную мне пэнсію ў мінулым школьным годзе і па поўнаму здаволеньню мяне ў вышэй выказанай просьбе звольніць мяне безь ніякіх матэрыяльных, так і маральных крыўд — ад абавязкаў настаўніка» (Б-ка АН Літвы, аддзел рукапісаў, 7 21–96, л. 5–52).

Я. Драздовіч. Фантастычны краявід. 1927 год
Я. Драздовіч. Фантастычны краявід. 1927 год

8. Засмучаўся кепскім друкам заходнебеларускіх выданьняў, якія значна прайгравалі савецкім кнігам

Я. Драздовіч. Партрэт грамадзкай дзяячкі Палуты Бадуновай. 1923 год
Я. Драздовіч. Партрэт грамадзкай дзяячкі Палуты Бадуновай. 1923 год

У дзёньніку (2.01.1933 г.) адзначаў:

«Бачыў сягодня ў Пеці [Пятра Сергіевіча, беларускага мастака. — В. Дэ Эм.] пару літаратурных кніг новых, 1932 года выданьня /.../. Друк як друк, але папера горш газэтнай — проста ніякая.

Такія выданьні — гэта ня кнігі, а проста „трап’ё“ ў параўнаньні з ранейшымі, якія два-тры гады таму ў Менску друкаваліся»

(Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак. 2014).

9. У сваёй прозе іранізаваў зь вечна безграшовага стану беларускіх мастакоў

Я. Драздовіч. У няволі. 1927 год
Я. Драздовіч. У няволі. 1927 год

У аповесьці Язэпа Драздовіча «Вялікая шышка» чытаем: «А Гапук [студэнт-мастак. — В. Дэ Эм.], тым часам, /.../ пісаў /.../, энэргічна заклікаючы свайго бацьку — старога Гапона, каб той як найхутчэй аказаў яму ратунак грашовай дапамогай.

„Бацюшка, страпяніся! /.../ Страпяніся і не дапусьці, каб твой талантлівы сын Агафон Агафонавіч пагіб ад голаду і холаду!“ А бацька /.../ сярдзіта бубнеў: —...Ціліген з таланам. Калі ж ты талан, чаму ж ты не жывеш са свайго талану, сярод сваіх там цілігенаў?..а засуваеш свой цілігенцкі нос у маю мужыцкую кішаню?» (Язэп Нарцызаў. Вялікая шышка. 1923).

10. Любіў варажыць юным прыгожым дзяўчатам

У дзёньнікавых запісах (8.02.1933 г.): «Вечар. Ад 7 да 12 г. меў прыемнасьць пабыць на каляжанскай вячэры і вечарынцы мастацкай моладзі з мастацкага факультэта Віленскага ўнівэрсытэта Стэфана Баторыя. Было проста весела і забаўна. Па вячэры — хто ў танцы і сьпевы пусьціўся, а хто ў варажбу праз характарызоўку... Бадай што ўсіх студэнтачак ператрымаў за рукі, седзячы акружаным імі, у вянку, варожачы. А ўсё ж такі любяць яны гэтую варажбу. І для мяне, не скажу, каб такая варажба ды не была прыемным заняткам» (Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак. 2014).

Я. Драздовіч. Эскіз фрэскі для Засьвірскага кляштара. 1924 год
Я. Драздовіч. Эскіз фрэскі для Засьвірскага кляштара. 1924 год

11. У віленскай сатырычнай газэце «Маланка» абяцалі зьмяшчаць яго малюнкі, а ў выніку друкавалі на Драздовіча эпіграмы і шаржы

Я. Драздовіч. Кампазыцыя. 1933 год
Я. Драздовіч. Кампазыцыя. 1933 год

У адным з нумароў чытаем: «Мастаку Я. Драздовічу: «Рысунак Ваш вельмі добры, але прыйшоў тагды, як нумар быў на машыне. Пастараемся зьмясьціць яго ў наступным нумары пад іншым сосам» (Наша Пошта // Маланка. 1926, № 14, 1-га верасьня).

Амаль праз паўгода замест абяцаных малюнкаў Драздовіча на старонках «Маланкі» знаходзім такую эпіграму:

«Я — ня малая фігура! Ох, люблю я шуры-муры, маё сэрца — агонь буры, растапіць гатова муры і пусьціць свае «амуры». Толькі вось дзяўчаты дуры, як ад каршуна ўцякаюць куры, — мо баяцца авантуры?! Я ня малая фігура, — мастак слаўны па натуры! Ці то шчасьце, ці то здуру, я папаў у літаратуру («Вялікая шышка». Ня думайце, што я дзед, я — апасны сэрцаед!.. // Маланка. 1927, № 2, 25 лютага).

12. Яго літаратурныя творы адмаўляўся друкаваць Максім Танк

Я. Драздовіч. Партрэт кампазытара Антона Грыневіча. 1923 год
Я. Драздовіч. Партрэт кампазытара Антона Грыневіча. 1923 год

Драздовіч дасылаў у рэдакцыю віленскага часопіса"Беларускі летапіс" адну са сваіх паэм. Максім Танк (супрацоўнік на той час гэтага часопіса) так напісаў мастаку (25.05.1937 г.):

«Рукапісы Вашы атрымалі. Паэма пакуль што ў такой апрацоўцы, у якой ёсьць, да друку не надаецца. Ня можа гэта быць мастацкім творам /.../ таксама ня можа гэта быць гістарычным дакумэнтам, бо ад такіх рэчаў вымагаецца больш гістарычнай праўды...» (Максім Танк. Збор твораў у 13 тамах. Т. 12. 2011).

13. Маляваньне дываноў называў «надакучлівай працай»

У дзёньніку жаліўся (25.03.1935 г.): «Бальшыню марца месяца правёў усё на той самай (ад няма чаго рабіць) цяжка надакучлівай працы па дэкараваньню вясковых сьцен сьценнымі дыванамі... Людзям даю... пазастаўляю, хай любуюцца, хай набіраюцца густу да прыгожага. Хай узгадоўваюць у сабе пачуцьцё эстэтыкі. А для мяне пры маіх цяжкіх матэрыяльных варунках — анічога. Толькі здароўе сваё на гэтым марную» (Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак. 2014).

Я. Драздовіч. Космаполіс. 1931 год
Я. Драздовіч. Космаполіс. 1931 год

14. Баяўся асьлепнуць

На пачатку 1936 году пісаў: «...вочы пачалі пабаліваць — ад хаджэньня па ветру каньюнктывіт пачаў разьвівацца. Баюся, каб зроку не лішыцца. Тады я, як бесьсямейны і бясхатні зусім бяспомачны жабрак, горай „трупа“, якім мяне ўжо тут пачалі называць. Ды каб хто, свае, пісьменьнікі, якіх я гады два таму партрэты выразьбаваў для Музэя, за тое, што я (ня маючы ані свайго кута, ані забясьпечанага часу) „не твару“... Хамства...» (Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак. 2014).

Я. Драздовіч. Вечны сон Гараноса. 1924 год
Я. Драздовіч. Вечны сон Гараноса. 1924 год

15. Валодаў дарам прадказальніка

Вясной 1936 году пісаў: «...выйшла цікавае, як кажуць, „совпадзеніе“. У Башкіра [псэўданім пісьменьніка Янкі Пачопкі — В. Дэ Эм.] у хляве каровы рыкалі, знаць піць хацелі. Башкірыха Башкіра гнала кароў паіць, а той аднекваўся. „Не аднеквайся, —— сказаў я яму, — а напаі. Бо калі ты для кароў, што малаком цябе поюць, вады пажалееш, то разгневаецца прырода і, як выйдзеш ты ў поле, дажджом цябе змочыць“. Башкір пазастаўся пры сваім. Ён адправіўся з жонкаю ў поле, а каровы пазасталіся няпоенымі. Як празь нейкую чвэрць гадзіны бягуць дамоў /.../, абмочаныя дажджом і... ухапіўшыся за вёдры, прыняўся /.../ чэрпаць са студні ваду для сваіх кароў» (Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак. 2014).

Я. Драздовіч. Над безданьню. 1931 год
Я. Драздовіч. Над безданьню. 1931 год

16. Верыў, што людзі адмовяцца ад войнаў на Зямлі дзеля больш гуманнай мэты — заваёвы Месяца

У дзёньнікавых запісах (23.10.1933 г.) знаходзім: «І прыйдуць часы, калі бальшыня жыхароў нашай плянэты адмовіцца ад учасьця ў войнах, адмовіцца ад гэтага штучна ўзаконенага сярод вякоў сільнейшымі гэтага сьвету праз уладу сваю над людзьмі, вялікага зладзейства /.../

Усе тыя затраты тэхнічных сродкаў, якія ішлі на вядзеньне вайны, пойдуць на заваяваньне /.../ пазаатмасфэрнага міжплянэтнага /.../ прастору таго, які нас разьдзяляець з найбліжэйшаю плянэтаю ад нас, не з Вэнэраю, і ня з Марсам, а з нашым, хоць і з надта старым, але яшчэ жывым мірам — ясным Месяцам. Месяц — гэта такі самы жывы мір, як і нашая зямелька-плянэта, на якой мы жывём, і з такою ж самаю прапорцыяй паверхні сваёй, прыгоднай і непрыгоднай для жыцьця чалавекападобных істот, як і ў нашага зямнога клюба» (Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак. 2014).

Я. Драздовіч. Сьвятар-мудрэц. 1924 год
Я. Драздовіч. Сьвятар-мудрэц. 1924 год

17. Кожныя тры гады пачынаў што-небудзь новае

У пачатку студзеня 1936 году адзначаў: «Я — зьменная натура — праз кожных тры гады што-небудзь новае пачну. І нішто ў мяне больш трох гадоў не трымаецца. І праз усё жыцьцё маё так — па тры гады з натхненьнем чаго-небудзь вучуся і працую. Тры гады для мяне маюць нейкае значэньне.

Тры гады я быў пастухом у падурослыя леты, а разам з гэтым тры гады пісаў вершы паводле тадышняй маёй граматы — у расейскай мове. Тры гады араў і касіў. Тры гады патраціў на мастацкую школу. І агульнае сваё разьвіцьцё — веды праз начытанасьць. Тры гады мне належала служыць у салдатах, дзе вучыўся мэдыцыне і агульнаму прыродазнаўству. Тры гады (зь лішкам) працаваў як фэльчар. Тры гады аддаваўся грамадзка-супольніцкай працы. Тры гады пісаў як пісьменьнік. Тры гады аддаваўся краязнаўству і этнаграфіі. Тры гады (зь лішкам) пабываў мастацкім пэдагогам. І... ужо трэці год як вандроўны народны мастак...» (Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак. 2014).

Я. Драздовіч. Архітэктурная кампазыцыя
Я. Драздовіч. Архітэктурная кампазыцыя

18. У снах да яго прыходзілі цнатлівыя дзяўчаты-анёлы з чорнай труной

Я. Драздовіч. Геройства Доні Зашчаслаўны на вежы Празора. 1924 год
Я. Драздовіч. Геройства Доні Зашчаслаўны на вежы Празора. 1924 год

У канцы траўня 1936 году пісаў: «Дзіўныя зьявішчы бываюць часамі ў псыхалёгіі чалавека. Надоечы, бяседуючы са знаёмымі, мне давялося высказаць свае некаторыя погляды на палавое пытаньне і, між іншым, выразіцца, што кожная добрасямейнага выхаваньня, з маладых гадоў не сапсутая /.../ дзяўчына — гэта ангел.

А позьнім вечарам гэтага ж дня, уклаўшыся спаць /.../ высьветліўся /.../ дзіўны жывы абраз, як у кіно: шырокая, роўная, гладкая дарога, упрыгожаная зелянінамі з бакоў. Па дарозе гэтай ішла нейкая працэсія, якая складалася, пры поўнай адсутнасьці мужчын, выключна з жаночага стану, з прыгожых і стройных, апранутых у чыстыя белыя сукенкі, прыстойных, белалікіх дзяўчат, якія ішлі паабапал двума радамі, /.../ несучы зялёныя гірлянды, а па-за імі, але ўжо асяродкам дарогі, ішла група белых красавіц і несьлі /.../ увітую зялёнымі гірляндамі чорную труну. А пасьля гэтага /.../ труна стаяла ў нейкім прастакутніку, а кругом /.../, абступіўшы цеснаю сьцяной, стаялі тыя ж самыя /.../ дзявіцы і, узьняўшы ўгару свае прыгожыя ручкі, пакратавалі імі, як быццам недзе некага вітаючы» (Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак. 2014).

19. Памёр ад раку страўніка

Я. Драздовіч. Падкружнікавы краявід на плянэце Сатурн. 1931 год
Я. Драздовіч. Падкружнікавы краявід на плянэце Сатурн. 1931 год

«Запіс № 14 ад 15 мая 1955 года па Галубіцкаму вясковаму савету Глыбоцкага раёна /.../ сьведчыць, што «...Иосиф, пол мужской, национальность — белорус, место смерти (и проживания) — селение Пуньки Голубичского сельского совета, профессия — некооперированный кустарь, возраст 65 лет, умер 15 сентября 1954 года. Причина смерти — рак желудка...» (Андрэй Майсяёнак. Хвароба і скананьне вандроўнага мастака / Язэп Драздовіч: «Прыйдзе час...» Да 120-годзьдзя з дня нараджэньня мастака. 2008).

20. Паэт Казімір Сваяк прарочыў яму вялікую будучыню

Я. Драздовіч. Агляд зімовых пячораў сатурнянамі. 1932 год
Я. Драздовіч. Агляд зімовых пячораў сатурнянамі. 1932 год

«Драздовіч, калі пойдзе шляхам сваей жывой творчасьці, мае будучыну вялікую. Магчыма, што ён створыць сымболь душы сучаснага адраджэньня. Гэта дало б яму права быць адным з геніяльных волатаў, якія паявяцца па векавой беларускай мартыралёгіі.

Руіны і пажарышчы — частыя матывы ў яго творчасьці. Ня дзіва. Вайна — гэта банкроцтва старых вартасьцей, банкроцтва думкі філязафічнай ХІХ сталецьця, а нават банкроцтва ўсей мяшчанскай псэўдакультуры.

Наш артыст-маляр ня толькі ўглядаецца ў вялікія намэты ідэйныя беларускай душы: голас яго нясецца зь бяздоньня атэізму ўзвыш, дамагаючыся зь неба павароту запрочанай язьні людзкой. Агульна людзкія ідэі нашага мастачага адчыняюць перад ім шырокі кругазор творчай інвэнцыі. Беларусь чакае ад яго многа і не павінна памыліцца!» (К. Св. З нівы беларускага мастацтва // Студэнцкая думка, 1925, № 1).

Рэпрадукцыі карцін Язэпа Драздовіча з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музэю Рэспублікі Беларусь.

Аўтар выказвае вялікую падзяку вядучаму навуковаму супрацоўніку Нацыянальнага мастацкага музэю Рэспублікі Беларусь Вользе Архіпавай за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG