Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы зь Беларусьсю ў машыне ўкраінца знайшлі выбуховае прыстасаваньне


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У пункце пропуску «Славуціч» на ўкраінска-беларускай мяжы падчас дагляду машыны знайшлі выбуховае прыстасаваньне, паведамляе Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны.

Службовы сабака, натрэніраваны на пошук зброі, адрэагаваў на машыну Volkswagen з літоўскімі нумарамі, якой кіраваў 28-гадовы ўкраінец. У выніку дэталёвага агляду памежнікі знайшлі ў нішы для пальчатак выбуховае прыстасаваньне. Пра здарэньне праінфармаваныя супрацоўнікі Нацыянальнай паліцыі, яны ўжо канфіскавалі небясьпечны прадмет.

6 кастрычніка беларускія памежнікі з пункту пропуску «Аляксандраўка» знайшлі 28 патронаў 9-га калібру ў машыне іншага ўкраінца, які зьбіраўся ехаць транзытам празь Беларусь у Літву. Паводле кіроўцы, мужчыны 1962 году нараджэньня, ён забыўся выкласьці патроны з машыны перад паездкай. Патроны забралі на экспэртызу, праводзіцца праверка.

24 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прынятае рашэньне пра ўмацаваньне мяжы з Украінай. «Мы бачым, колькі адтуль ідзе сёньня бяды для Беларусі, і ў тым ліку зброі перапраўляецца», — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Пятро Цыгікал зьняпраўдзіў заяву Аляксандра Лукашэнкі аб павелічэньні колькасьці зброі.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі заявіў, што ў 2018 годзе на мяжы было выяўлена і сканфіскавана 110 адзінак зброі і больш за 1200 боепрыпасаў, і сказаў, што гэта «меней за 2017 год, што сьведчыць пра пільнейшую працу беларускіх памежнікаў і лепшае супрацоўніцтва з калегамі з суседніх краін».

Асобна зьвестак зь беларуска-ўкраінскай мяжы палкоўнік Бычкоўскі не назваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG