10 кастрычніка адзначаецца Сусьветны дзень псыхічнага здароўя. У Беларусі жывуць звыш 300 тысяч чалавек з псыхічнымі захворваньнямі, і некаторыя зь іх хочуць і могуць працаваць. Але не заўсёды ім удаецца знайсьці працадаўцу, гатовага іх наняць.
Клюбны дом «Адкрытая душа» ў Менску займаецца рэабілітацыяй такіх людзей, дапамагае юрыдычнымі кансультацыямі і пошукам патэнцыйных працадаўцаў.
Вольга Рабчынская, дырэктарка «Адкрытай душы», расказвае, што сябры клюбу сутыкаюцца ў асноўным зь дзьвюма праблемамі:
- Атрымаць мэдыцынскія рэкамэндацыі;
- Знайсьці працадаўцу, які не збаіцца ўзяць на працу чалавека з псыхічным захворваньнем.
«Ня хочацца хлусіць і ўтойваць, — тлумачыць Вольга. — Хочацца шчыра сказаць, што так, я хварэў, але цяпер я гатовы працаваць».
Амаль 4% дзяцей у Беларусі маюць псыхічныя і паводзінныя расстройствы
У Беларусі на 2017 год больш як кожны 26-ы непаўналетні меў псыхічныя і паводзінныя расстройствы (ня ўлічваючы захворваньні, зьвязаныя з ужываньнем псыхаактыўных сродкаў) — 3920,3 выпадка на 100 тыс. насельніцтва. Гэтая лічба, аднак, зьніжаецца: у 2013 годзе псыхічныя і паводзінныя расстройствы меў кожны 22-і непаўналетні (4517,8 на 100 тыс. насельніцтва), паведамляе Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Разам з тым за апошнія тры гады павялічылася колькасьць зваротаў непаўналетніх па дапамогу ў сувязі з нэўратычнымі, зьвязанымі са стрэсам і саматаформнымі расстройствамі (з 240,3 на 100 тыс. насельніцтва ў 2015 годзе да 247,3 у 2017-м).
Колькасьць непаўналетніх, якія пакутуюць ад расстройстваў, зьвязаных з ужываньнем псыхаактыўных сродкаў, з 2013 году зьменшылася на 6,2% (цяпер гэта 797,2 на 100 тыс. насельніцтва).
Паводле ацэнак Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя:
- Прыкладна ў 20% дзяцей і падлеткаў у сьвеце маюцца псыхічныя расстройствы ці праблемы, каля паловы зь іх пачынаюцца ва ўзросьце да 14 гадоў.
- Псыханэўралягічныя расстройствы ўваходзяць у лік вядучых прычын інваліднасьці сярод моладзі ў сьвеце.
- Што тычыцца цяжкасьці хваробы сярод падлеткаў, дэпрэсія зьяўляецца трэцяй вядучай прычынай.
- Самагубства — другая вядучая прычына сьмерці сярод 15-29-гадовых.
Сусьветны дзень псыхічнага здароўя адзначаецца штогод 10 кастрычніка, пачынаючы з 1992 году. Ён праводзіцца пры падтрымцы Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) з мэтай інфармаваньня грамадзтва аб праблемах псыхічнага здароўя. У 2018 годзе Сусьветны дзень псыхічнага здароўя праходзіць пад лёзунгам «Моладзь і псыхічнае здароўе ў зьменлівым сьвеце».