Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Латвіі: прарасейская партыя першая, але ніхто ня хоча зь ёй у кааліцыю


Галасаваньне на выбарах 6 кастрычніка 2018

У Латвіі апублікавалі поўныя папярэднія вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія пацьвердзілі першае месца левацэнтрысцкай прарасейскай партыі «Згода», аднак правацэнтрысцкія партыі не плянуюць прапаноўваць ёй удзел у новай уладнай кааліцыі.

Паводле дадзеных поўнага падліку галасоў, Сацыял-дэмакратычная партыя «Згода» (па-латыску Saskaņa) атрымала 19,80% галасоў удзельнікаў выбараў і, паводле ацэнак Цэнтральнай выбарчай камісіі Латвіі, атрымае ў новым парлямэнце, Саэйме, 23 месцы з 100. Гэтая партыя вядомая агульным прарасейскім напрамкам, хоць называе сябе партыяй і расейцаў паводле паходжаньня, і латышоў. Пагадненьне аб супрацоўніцтве з расейскай пракрамлёўскай партыяй «Единая Россия» партыя «Згода» адмяніла толькі год таму, у кастрычніку 2017 году.

Партыя «Каму належыць дзяржава?» (KPV LV), цэнтрысцкая і папулісцкая, мае 14,25%, правая Новая кансэрватыўная партыя — 13,59%. Абедзьве павінны атрымаць па 16 мандатаў.

Альянс двух лібэральных праэўрапейскіх партыяў «Для разьвіцьця / За!» атрымаў 12,04%; правая і таксама папулісцкая партыя «Нацыянальнае аб’яднаньне» (поўная назва — Нацыянальнае аб’яднаньне «Усё для Латвіі! — Айчыне і свабодзе / ДННЛ»), якая ўваходзіла ў ранейшую кіруючую кааліцыю — 11,01%; гэтыя дзьве партыі павінны атрымаць па 13 месцаў.

Таксама ў парлямэнт Латвіі прайшлі яшчэ дзьве партыі, якія былі ў складзе ранейшай кааліцыі — «Саюз „зялёных“ і сялян» (яна ўзначальвае гэтую кааліцыю) з 9,91% і 11 дэпутатамі, і «Новае адзінства» з 6,69% галасоў і 8 месцамі. Іншыя партыі, а ўсяго іх удзельнічала ў выбарах 16, не адолелі 5-працэнтны бар’ер.

Гэтыя дадзеныя аб выніках выбараў, якія адбыліся 6 кастрычніка, яшчэ фармальна не зьяўляюцца канчатковымі.

Урад без удзелу пераможцаў?

Між тым, як паведамляе латвійскае агенцтва LETA, яго апытаньне сярод партый у новым парлямэнце сьведчыць, што правацэнтрысты не плянуюць прыцягваць «Згоду» да перамоваў аб фармаваньні ўраду і спачатку маюць намер даручыць стварэньне ўраду другой і трэцяй паводле ліку мандатаў партыям — KPV LV і Новай кансэрватыўнай партыі. У гэтых партыях, у сваю чаргу, выказалі гатовасьць сфармаваць урад. У іншых партыях пацьвердзілі, што гатовыя да перамоваў аб стварэньні ўраду з усімі палітычнымі сіламі — за выключэньнем «Згоды».

Тым часам лідэр «Згоды», мэр сталіцы Рыгі Ніл Ушакоў заявіў, што прэзыдэнт Латвіі мусіць даць магчымасьць сфармаваць урад менавіта вылучэнцу на пасаду прэм’ера ад гэтай самай партыі ў новым парлямэнце Вячаславу Дамброўскаму.

Прэзыдэнт Вэюоніс, са свайго боку, заявіў, што абраныя ў новы парлямэнт партыі маюць два тыдні на перамовы аб магчымым супрацоўніцтве для стварэньня новай кіруючай кааліцыі, і ён пачне кансультацыі наконт кандыдата на пасаду прэм’ера для фармаваньня ўраду ўжо пасьля гэтага тэрміну.

Пры гэтым, як паведамілі ў апараце прэзыдэнта, кіраўнік дзяржавы заявіў, што новы прэм’ер мусіць захаваць нязьменнасьць зьнешнепалітычнага курсу Латвіі і працягваць умацоўваць бясьпеку краіны.

Партыя «Згода» атрымлівала большасьць і ў папярэднім складзе парлямэнту Латвіі, але тады іншыя партыі не дапусьцілі яе да ўлады.

Латвія, удзельніца Эўрапейскага зьвязу і NATO, непасрэдна мяжуе з Расеяй і мае значную (каля 25 адсоткаў усяго насельніцтва) меншасьць этнічных расейцаў. Гэтая краіна, як і іншыя краіны Балтыі, занепакоеныя новым агрэсіўным курсам Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG