У Літве на вучэньнях NATO «Бэавульф» у выніку няшчаснага выпадку загінуў нямецкі вайскоўца. Пра гэта ў нядзелю паведаміла выданьне Spiegel са спасылкай на вайсковае ведамства Нямеччыны.
Кіроўца бронемашыны падчас адпрацоўкі манэўру на палігоне Пабрадэ ўрэзаўся ў дрэва. Адбылося гэта ў поўнач. Салдат, які вёў машыну з адкрытым люкам, атрымаў цяжкія раненьні галавы, ад якіх памёр.
Справу расьсьледуюць нямецкая вайсковая паліцыя і ўлады Літвы.
У вучэньнях бяруць удзел каля 600 салдат. Мэта манэўраў — прадэманстраваць, што войскі NATO стаяць на варце ўсходняга флянгу Паўночнаатлянтычнага альянсу.