Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША сустрэўся з Кім Чэн Ынам у Пхэньяне


Майк Пампэо і Кім Чэн Ын падчас сустрэчы 9 траўня 2018 году
Майк Пампэо і Кім Чэн Ын падчас сустрэчы 9 траўня 2018 году

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо адзначыў посьпехі ў працэсе дасягненьня пагадненьня аб дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава. Пра гэта ён напісаў у Twitter.

«Візыт у Пхэньян для сустрэчы з лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам прайшоў пасьпяхова. Мы (ЗША і КНДР — рэд.) працягваем працу над пагадненьнямі, дасягнутымі падчас сустрэчы (Трампа і Кім Чэн Ына — рэд.) у Сынгапуры. Дзякуй за аказаны мне і маёй камандзе з Дзярждэпартамэнту ЗША прыём», — напісаў ён.

Паводле дадзеных агенцтва Kyodo, Майк Пампэо 7 кастрычніка прыбыў у Паўднёвую Карэю пасьля правядзеньня двухгадзінных перамоваў з Кім Чэн Ынам, накіраваных на дасягненьне дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава. Гэта ўжо чацьвёрты візыт амэрыканскага дзяржсакратара ў КНДР. У панядзелак Пампэо накіруецца ў Кітай, дзе таксама правядзе сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду.

Як заявіў агенцтву Reuters адзін з чальцоў дэлегацыі, якія суправаджалі Пампэо у паездцы ў Паўночную Карэю, цяперашні візыт быў «лепшым, чым папярэдні». У той жа час чыноўнік дадаў, што працэс дэнуклеарызацыі «будзе доўгім».

У Паўднёвай Карэі дэлегацыя ЗША сустрэнецца з прэзыдэнтам Мун Чжэ Інам і міністрам замежных спраў Кан Гён Хва. Чакаецца, што яны абмяркуюць вынікі візыту Пампэо ў Пхэньян.

Раней Пампэо, размаўляючы з журналістамі, выказаў здагадку, што па выніках яго паездкі ў Пхэньян можа быць абвешчана пра дату і месца правядзеньня другой сустрэчы лідэраў ЗША і КНДР Дональда Трампа і Кім Чэн Ына.

Папярэдняя сустрэча Дональда Трампа і Кім Чэн Ына прайшла на саміце ў Сынгапуры 12 чэрвеня. Там паўночнакарэйскі лідэр паабяцаў, што КНДР адмовіцца ад свайго ядзернага арсэналу, але ў дасягнутым пагадненьні не было пазначана, як і калі гэта можа адбыцца. У верасьні Кім Чэн Ын заявіў, што ён спадзяецца правесьці дэнуклеарызацыю краіны да канца першага тэрміну Трампа ў Белым доме, гэта значыць да студзеня 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG