Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На парлямэнцкіх выбарах у Латвіі перамагае прарасейская партыя — экзыт-полы


Галасаваньне на парлямэнцкіх выбарах у Латвіі, 6 кастрычніка 2018 году
Галасаваньне на парлямэнцкіх выбарах у Латвіі, 6 кастрычніка 2018 году

На выбарах у парлямэнт Латвіі, паводле дадзеных экзыт-полаў, большасьць выбарнікаў аддалі галасы за сацыял-дэмакратычную партыю «Згода», якая выступае за добрасуседзкія эканамічныя сувязі з Расеяй, паведамляе DW.

На парлямэнцкіх выбарах у Латвіі, якія прайшлі 6 кастрычніка, пакуль лідзіруюць прарасейская партыя «Згода», папулісцкая партыя «Каму належыць дзяржава?» (KPV LV) і «Новая кансэрватыўная партыя» (НКП). Як паведамляе сайт Цэнтральнай выбарчай камісіі Латвіі, пасьля апрацоўкі каля 90 адсоткаў бюлетэняў «Згода» набрала каля 20 адсоткаў галасоў, KPV LV — больш за 14%, НКП — 13,6%.

«Згода» актыўна адстойвае інтарэсы расейскамоўнай часткі насельніцтва і настойвае на добрасуседзкіх эканамічных сувязях з Расеяй. Кандыдатам на пасаду прэм’ера ад партыі выступае эканаміст Вячаслаў Дамброўскі. Апанэнты «Згоды» кажуць аб яе сувязях з Крамлём. Назіральнікі асьцерагаюцца, што партыя можа аб’яднацца ў кіроўную кааліцыю з папулісцкімі KPV LV.

Нацыянальнае аб’яднаньне «Усё для Латвіі» набірае каля 11% галасоў, за Саюз «зялёных» і сялян (СЗК) цяперашняга прэм’ер-міністра Марыса Кучынскіса прагаласавалі амаль 10 адсоткаў выбарнікаў, за партыю «Новае адзінства» — больш за 6,5%.

Вышэй названыя 7 партыяў праходзяць у Сэйм (палітычным сілам трэба было набраць больш за 5 адсоткаў галасоў, каб прайсьці ў 13-ы Сэйм). Усяго ў выбарах удзельнічалі 16 партыяў і палітычных аб’яднаньняў — на тры больш, чым у мінулых выбарах 2014 году.

Яўка на выбарах склала 54,51% — прыкметна ніжэй, чым у 2014 годзе.

Латвія зьяўляецца сябрам Эўразьвязу і NATO, мае 270-кілямэтровую мяжу з Расеяй і значную меншасьць этнічных расейцаў (каля 25%).

Склад Сэйму да выбараў

У складзе аднапалатнага парлямэнту (Сэйму) самую буйную фракцыю (24 з 100 мандаты) прадстаўляла партыя «Згода», заснаваная ў 2010 годзе. Нягледзячы на гэта, «Згода» не ўваходзіла ў кааліцыйны ўрад, сфармаваны партыяй «Адзінства» (23 мандаты), СЗК (21 мандаты) і Нацыянальным аб’яднаньнем «Усё для Латвіі» (17 мандатаў). Урад узначальваў Марыс Кучынскіс ад партыі Саюз «зялёных» і сялян.

Кіроўная кааліцыя на гэтых выбарах набрала каля 27 адсоткаў галасоў. Каб застацца ва ўладзе, ім спатрэбіцца прыцягнуць у кааліцыю яшчэ аднаго партнэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG