Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: У чым была розьніца падыходаў Шушкевіча і БНФ да Канстытуцыі


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

Васіль Сінчылін (Беларуская рэспубліканская арганізацыя вэтэранаў вайны і працы): В прошедшие дни я встречался со своими избирателями — ветеранами Вооруженных Сил, труда, ветеранами войны и членами минского политического клуба «Коммунист», которые приняли обращение к вам, депутатам Верховного Совета, и поручили мне довести это обращение до вас. «Минский политический клуб призывает народных депутатов Беларуси при рассмотрении нового проекта Конституции учесть следующее. Идеи реставрации капитализма и одновременной защиты трудящихся от капитализма алогичны по форме и содержанию. Возврат к капитализму противоречит коренным интересам трудящихся, а потому и защита от него, даже если бы она была возможна, не имеет для них никакого смысла. Объективные законы диалектики таковы, что исключают возможность развития вспять. Как никто не может направить развитие человека от старости к молодости, так никому не дано повернуть историю обратно от социализма к капитализму. Возникшие на этом пути трудности непреодолимы. Они могут привести только к конфронтации, и даже к гражданской войне. Чтобы ее избежать, необходимо взять курс на сохранение социализма и устранение допущенных в нем перекосов. Следует сохранить экономическую основу социализма в форме общенародной собственности и централизованного управления экономикой».

Выступ у "Розным"

— Бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню» выкарыстоўвалі фашысцкія акупанты!

— Гітлер насіў штаны — дык што, нам цяпер хадзіць без штаноў?

Гэты дыялёг паміж вэтэранам і Лявонам Баршчэўскім адбыўся ў часе абмеркаваньня праекту Канстытуцыі. Пракамуністычныя дэпутаты імкнуліся скарыстаць кожную зручную нагоду, каб паставіць пад сумнеў прынятыя ў 1991-м рашэньні. Але найбольш гарачыя спрэчкі ў часе прыманьня Канстытуцыі разгарнуліся ў пытаньні ўвядзеньня пасады прэзыдэнта.

У 1993-ім Шушкевіч імкнуўся выканаць тое, што Вярхоўны Савет паабяцаў у 1992-м. Тады, адмовіўшы ў правядзеньні рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах, парлямэнт паабяцаў прысьпешыць канстытуцыйныя пераўтварэньні, прыняць новую Канстытуцыю і ў 1994 годзе правесьці выбары ў Вярхоўны Савет.

Спачатку стаўленьне Шушкевіча да асноўных палажэньняў ня шмат адрозьнівалася ад нашай пазыцыі. Ён выступаў супраць увядзеньня пасады прэзыдэнта і за захаваньне нэўтралітэту.

Да прыкладу, у сакавіку 1993-га на нечарговай сэсіі, выказваючы сваё стаўленьне да апошняга на той час варыянту праекту Канстытуцыі, Шушкевіч сказаў: «Згодна з падрыхтаваным праектам выканаўчая ўлада будзе дамінаваць. Разам з прэзыдэнтам у якасьці свайго кіраўніка яна набывае вяршэнства над усімі іншымі дзяржаўнымі органамі, бо прэзыдэнту надаюцца такія паўнамоцтвы, якімі не валодае нават прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі. На маю думку, парлямэнцкая рэспубліка забясьпечвае большы ўзровень дэмакратыі, а аптымальны варыянт — гэта дзяржава, дзе прэзыдэнт зьяўляецца толькі галавой дзяржавы. Невыпадкова, што ў Эўропе існуюць пераважна парлямэнцкія дзяржавы. Такая форма кіраваньня забясьпечвае адкрытасьць, галоснасьць, дэмакратызм прыняцьця рашэньняў, улік разнастайных думак і падыходаў».

Адкрытасьць, галоснасьць, дэмакратызм, плюралізм меркаваньняў — якраз тое, чаго менш за ўсё хацела парлямэнцкая большасьць.

Рознасьць падыходаў Шушкевіча і БНФ

У нас, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, захоўвалася галоўнае разыходжаньне з Шушкевічам што да канстытуцыйнага працэсу.

Мы лічылі, што гэты Вярхоўны Савет зь ягонай пракамуністычнай большасьцю, ня ў стане прыняць Асноўны закон незалежнай дэмакратычнай дзяржавы дый ня мае права гэтага рабіць, асабліва пасьля забароны рэфэрэндуму.

І таму працягвалі настойваць на тым, каб спачатку былі праведзеныя выбары ў новы парлямэнт, і ўжо ён, выбраны ў іншых умовах, у незалежнай краіне бязь ціску камуністычных органаў, прыме Канстытуцыю.

Мы разьлічвалі, што нават з улікам уплыву чынавенства на чале з Кебічам гэты новы парлямэнт будзе больш дэмакратычны, чым «наш» Вярхоўны Савет.

Між іншым, ускосна гэта пацьвердзілася: праз два гады, нават пад куды большым ціскам прэзыдэнцкай адміністрацыі, чым гэтага можна было чакаць ад апарату Кебіча, ва ўмовах паклёпу зь дзяржаўных СМІ, абсалютная большасьць кандыдатаў ад БНФ і дэмакратычных партый выйшлі ў другі тур выбараў (як вядома, Вярхоўны Савет быў тады не абраны адразу — прэзыдэнцкая адміністрацыя сьвядома сарвала выбары).

Аднак у Шушкевіча была іншая пазыцыя: спачатку — Канстытуцыя, а ўжо потым — выбары ў найвышэйшы заканадаўчы орган. І цяжка было патлумачыць самому сабе, чаму ж зусім не дурны, інтэлектуальны чалавек не жадае зразумець, што гэтыя дэпутаты няздольныя прыняць дэмакратычную Канстытуцыю.

Ведаю, што некаторыя з маіх паплечнікаў па апазыцыі з пагардай глядзелі на спробы Шушкевіча правесьці тыя або іншыя палажэньні Канстытуцыі — а ў мяне гэтыя спробы выклікалі пачуцьці шкадаваньня, як да чалавека, які б’ецца лбом аб сьцяну.

Шушкевіч настойліва, з месяца ў месяц, у Авальнай залі і ў інтэрвію журналістам, паўтараў, што гэтыя дэпутаты — здольныя працаваць, што ў іх ёсьць «станоўчы патэнцыял».

У ліпені 1993-га ён мог пераканацца ў характары патэнцыялу дэпутацкай большасьці, якая ледзь не адправіла яго ў адстаўку; у студзені 1994-га патэнцыял гэты быў скарыстаны напоўніцу, і Шушкевіч заняў месца шараговага дэпутата ў Авальнай залі.

Пазьней Шушкевіч напіша, што «ні ў дэмакратаў, ні ў старой камуністычнай намэнклятуры не было ўсебаковага глыбокага разуменьня праблемы. Яны не пайшлі па шляху прыняцьця часовага Асноўнага закону, як, напрыклад, палітыкі Польшчы, а зь недапусьцімай пасьпешнасьцю прынялі Канстытуцыю 1994 году» (С. Шушкевіч, «Неокоммунизм у Беларуси», Скиф, Смаленск, 2002, с. 60–61).

З гэтых радкоў вынікае, што і намэнклятура, і Апазыцыя БНФ імкнуліся прыняць Канстытуцыю як найхутчэй. Аднак менавіта дэпутаты БНФ заяўлялі, што Вярхоўны Савет ня ў стане прыняць Канстытуцыю (пра што я пісаў вышэй), а ў лютым-сакавіку 1994 году нават блякавалі яе прыняцьце, паколькі былі нязгодныя з увядзеньнем пасады прэзыдэнта.

Адносна ж пазыцыі самога Шушкевіча прывяду меркаваньне незаангажаванага дасьледчыка, аўтара манаграфіі, прысьвечанай прыняцьцю першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі, які скрупулёзна вывучыў як стэнаграмы сэсіяў Вярхоўнага Савету, гэтак і матэрыялы Канстытуцыйнай камісіі. «…Менавіта былы сьпікер прысьпешваў канстытуцыйны працэс… Абвінавачваючы парлямэнт у тым, што Канстытуцыя пісалася пад прэм’ер-міністра В. Кебіча, С. Шушкевіч, відавочна, забываў, што ён заўсёды займаў пазыцыю В. Шаладонава, які, у сваю чаргу, цесна супрацоўнічаў з прасаўмінаўскім дэпутацкім аб’яднаньнем «Беларусь» (Аляксандар Кур’яновіч, «Конституция независимой Беларуси: разработка, проекты, принятие». 3-е выданьне, «Тесей», Менск, 2012, с. 9).

Ну а галоўнай мэтай абʼяднаньня «Беларусь» было абраньне Кебіча прэзыдэнтам, прычым — як найхутчэй.

Супраць «моцнага» прэзыдэнта

Ніякія добрыя намеры Шушкевіча што да праекту Канстытуцыі зьдзейсьніцца не маглі: пракамуністычная большасьць не прымала парлямэнцкую рэспубліку і нэўтралітэт. І калі адносна нэўтралітэту Шушкевіч захаваў сваю пазыцыю (хоць і падпісаў у апошні дзень паведамленьне, што Беларусь далучаецца да сыстэмы калектыўнай бясьпекі), дык адносна прэзыдэнцтва паступова перайшоў на пазыцыі намэнклятуры.

Праўда, ён ніколі не выказваўся за варыянт так званага «моцнага прэзыдэнта» (калі прэзыдэнт адначасна зьяўляецца кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады зь вялікімі паўнамоцтвамі), ва ўсялякім разе, я ня памятаю такіх заяваў Шушкевіча.

Аднак ужо адно тое, што кіраўнік Канстытуцыйнай камісіі зьмяніў пазыцыю і пагадзіўся на ўвядзеньне пасады прэзыдэнта, было важным фактарам.

Па-першае, у тых дэпутатаў, якія вагаліся, фармавалася меркаваньне, што калі ўжо найвышэйшая ў дзяржаве асоба, прычым з дэмакратычнымі перакананьнямі, узяла гэты бок — значыць, ёсьць у ім больш рэзонаў, чым падавалася спачатку. Па-другое (і гэта, на маю думку, больш важна) — магчымасьць прэзыдэнцкай пасады замацоўвалася ў грамадзкай сьвядомасьці.

Вось такія прапановы, кшталту прэзыдэнцтва, зь якімі салідарызаваўся Шушкевіч, мы не падтрымлівалі — і нам хапала галасоў, каб іх заблякаваць.

Пры гэтым мы нязьменна настойвалі на парлямэнцкай рэспубліцы. Так, калі 25 траўня 1993 году разьдзел пра прэзыдэнцтва набраў толькі 97 галасоў, Зянон Пазьняк прапанаваў яго скасаваць і вярнуцца да парлямэнцкай рэспублікі. Як і варта было чакаць, гэтая прапанова не была падтрыманая парлямэнцкай большасьцю.

Пасьля чарговага разгляду пытаньня пра Канстытуцыю мы былі вымушаныя прыняць адпаведную заяву, у якой дэкляравалі свае канстытуцыйныя прынцыпы:

«Мы выступаем за парлямэнцкую рэспубліку, дзе можа выбірацца прэзыдэнт у якасьці кіраўніка дзяржавы.

Перад прыняцьцем новай Канстытуцыі мы ставім прынцыповую ўмову:

Выбары прэзыдэнта павінны адбыцца не раней як праз шэсьць месяцаў пасьля выбараў новага парлямэнту. Аб гэтым, перш чым прагаласаваць за новую Канстытуцыю, павінен быць прыняты спэцыяльны закон. Да выбараў прэзыдэнта абавязкі кіраўніка дзяржавы часова выконвае Старшыня парлямэнту.

Новая Канстытуцыя павінна адлюстроўваць статус унітарнай, незалежнай, прававой, дэмакратычнай дзяржавы і зьмяшчаць абавязковыя палажэньні:

аб нэўтралітэце і бязьядзерным статусе Беларусі;

аб парлямэнце, дзеючым на пастаяннай аснове;

аб муніцыпальнай сыстэме мясцовага кіраваньня;

аб дзяржаўнасьці беларускай мовы, недапушчэньні двухмоўя і таталітарнай палітыкі русыфікацыі Беларусі;

аб прыватнай уласнасьці на зямлю; ФОТА 38 ФОТА 38

аб нацыянальнай валюце, фінансава-крэдытнай і банкаўскай сыстэме, нацыянальным банку з выключным правам эмісіі грошай;

аб дзяржаўнай сыстэме нацыянальнай абароны і беларускім войску;

аб непарушнасьці дзяржаўных межаў і неадчуджальнасьці тэрыторыі;

аб дзяржаўным сьцягу, гербе, гімне і гістарычнай назьве сталіцы Беларусі.

Без зацьвярджэньня канстытуцыйных палажэньняў незалежнай дзяржаўнасьці і прававых прынцыпаў дэмакратычнага дзяржаўнага ладу прыняцьце новай Канстытуцыі страчвае для беларускай нацыі ўсялякі стваральны сэнс. Канстытуцыя без такіх палажэньняў не павінна прымацца.

Апазыцыя БНФ стаіць на плятформе дэмакратычнага будаўніцтва незалежнай беларускай дзяржавы, якая гарантуе свабоду, абарону і разьвіцьцё асобы. Мы падтрымліваем канструктыўныя ідэі, накіраваныя на ўзмацненьне незалежнасьці, на карысьць Беларусі і яе жыхароў».

Заява была прынятая 16 чэрвеня 1993 году, яе падпісалі Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў, Юрась Беленькі, Уладзімер Заблоцкі, Лявон Баршчэўскі, Алесь Шут, Сяргей Навумчык, Віталь Малашка, Генадзь Грушавы, Лявон Дзейка, Леанід Зьвераў, Віктар Какоўка, Алег Трусаў, Сяргей Антончык, Яўген Глушкевіч, Віктар Алампіеў, Мікола Маркевіч, Ігар Гермянчук, Ігар Пырх, Уладзімер Новік, Павал Холад, Мікалай Крыжаноўскі, Станіслаў Бабачонак, Галіна Сямдзянава, Барыс Гюнтэр, Іван Герасюк, Сяргей Слабчанка. Усяго 27 дэпутатаў.

Заява дэпутатаў Апазыцыі БНФ у справе праекту Канстытуцыі
Заява дэпутатаў Апазыцыі БНФ у справе праекту Канстытуцыі

Увогуле, чым далей ішло прыняцьце разьдзелаў і артыкулаў Канстытуцыі, тым больш выкалуплівалася зь яе «несавецкіх» прыкметаў. Пры гэтым пракамуністычныя дэпутаты падвяргалі рэвізіі раней прынятыя заканадаўчыя акты.

Напрыклад, у праекце Канстытуцыі не было пазначана, якія менавіта дзяржаўныя герб і сьцяг мае Беларусь — артыкул 19 толькі прадугледжваў, што «сымбалямі Рэспублікі Беларусь як сувэрэннай дзяржавы зьяўляюцца яе Дзяржаўны сьцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн», якія «устанаўліваюцца законам» (паводле стану праекту на 11 сакавіка 1993 году).

Пры абмеркаваньні Канстытуцыі 20 траўня дэпутаты-вэтэраны выступілі супраць дзяржаўных сымбаляў — герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сьцяга, патрабуючы правесьці адносна іх рэфэрэндум.

Тады гэтая прапанова не прайшла — але роўна праз два гады Лукашэнка правядзе свой рэфэрэндум, і нацыянальная сымболіка будзе замененая на савецкую.

Калі ў прэамбуле праекту Канстытуцыі, прадстаўленага дэпутатам у траўні, захоўваліся згадкі пра ВКЛ і БНР, унесеныя яшчэ ў лёсавызначальным 1991-м, дык ужо ў варыянце паводле стану на 14 кастрычніка 1993-га яны адсутнічалі.

Але да пэўнага часу нам удавалася галоўнае: блякаваць увядзеньне пасады прэзыдэнта.

Шушкевіч прапануе Канстытуцыйную асамблею

Шушкевіч быў незадаволены тым, што Канстытуцыя ўсё ніяк не прымаецца, і 10 верасьня разаслаў дэпутатам Вярхоўнага Савету зварот, у якім выказаў уласнае бачаньне канстытуцыйнага працэсу. Шушкевіч прапанаваў склікаць Канстытуцыйную асамблею, якая б і прыняла Асноўны закон.

Такую прапанову сьпікер выказваў не ўпершыню — яшчэ ў ліпені, пасьля спробы падкантрольнай Кебічу пракамуністычнай большасьці адправіць сьпікера ў адстаўку Шушкевіч выказаў сумнеў у здольнасьці дэпутатаў прыняць дэмакратычную Канстытуцыю і сказаў пра скліканьне Асамблеі як пра выйсьце з тупіку.

У чым палягалі прапановы Шушкевіча?

Канстытуцыйная асамблея павінна была абірацца з адзінай мэтай — прыняцьця новай Канстытуцыі. Пры гэтым выбары ў Асамблею адбываліся б паводле Закону «Аб выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь», прынятага яшчэ ў 1989 годзе, па 310 акругах (пры гэтым, у адрозьненьне ад Вярхоўнага Савету, не выбіраліся б 50 дэпутатаў ад грамадзкіх арганізацый).

Выбары лічыліся б сапраўднымі незалежна ад колькасьці грамадзянаў, якія прынялі ўдзел у галасаваньні. Члены Асамблеі, паводле прапановы, карысталіся б дэпутацкай недатыкальнасьцю, пасяджэньні яе адбываліся б у адпаведнасьці з Часовым рэглямэнтам Вярхоўнага Савету.

На разгляд Асамблеі меркавалася вынесьці праект Канстытуцыі, які ўжо быў часткова прыняты на 12-й сэсіі Вярхоўнага Савету ў траўні. Пры гэтым для зацьвярджэньня праекту дастаткова было аднаго чытаньня і большасьці галасоў ад агульнай колькасьці членаў Асамблеі. Пасьля прыняцьця Канстытуцыі і вызначэньня парадку ўвядзеньня яе ў дзеяньне, паўнамоцтвы Асамблеі спыняліся б. Калі б Асамблея не прыняла Канстытуцыю цягам чатырох месяцаў, яе паўнамоцтвы спыніліся б рашэньнем Вярхоўнага Савету.

Шушкевіч лічыў, што «гэты варыянт дазволіць працягнуць працу цяперашняга Вярхоўнага Савету на акрэсьлены Канстытуцыяй тэрмін, зробіць яго гарантам стабільнасьці… Асамблея не дазволіць пэўным палітычным сілам як правага, гэтак і левага кшталту спэкуляваць пралікамі ў нашым заканадаўстве».

Такім чынам, дэзавуявалася б рашэньне Вярхоўнага Савету правесьці датэрміновыя парлямэнцкія выбары не пазьней за 1994 год, прынятае ў кастрычніку 1992-га, калі было адмоўлена ў правядзеньні ініцыяванага БНФ рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах. Шушкевіч каторы ўжо раз паставіў на адну дошку «правых» і «левых», гэта значыць — праімпэрскія антыбеларускія пракамуністычныя сілы і дэмакратычны Народны Фронт.

Старшыня Вярхоўнага Савету і Канстытуцыйнай камісіі таксама выказаў спадзяваньне, што рэалізацыя ягонай прапановы «дазволіць Вярхоўнаму Савету засяродзіць увагу ня толькі на заканатворчай дзейнасьці, але і ўзмоцніць кантроль над дзейнасьцю ўраду. Сёньня гэта вельмі злабадзённае пытаньне… Старшыня Савету міністраў неаднаразова заяўляў, што некаторыя міністры і адказныя работнікі Савету міністраў не адпавядаюць сучасным патрабаваньням». Шушкевіч лічыў, што абраньне Асамблеі дазволіць «знайсьці новыя, маладыя, здольныя палітычныя сілы, праверыць узровень сьпеласьці нашага грамадзтва».

Якія «новыя» палітычныя сілы зьбіраўся шукаць Станіслаў Станіслававіч — невядома: на той момант у Беларусі быў ужо сфармаваны спэктар палітычных плыняў. Некаторыя з тых, хто дапамагаў яму ў прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году, потым атрымаюць незайздросную ацэнку ад яго самога. На тых самых выбарах удасца і «праверыць узровень сьпеласьці нашага грамадзтва».

У чым былі недахопы прапановы Шушкевіча

Адразу пасьля атрыманьня звароту я напісаў аналітычны агляд пад назовам «Канцэпцыя Станіслава Шушкевіча: выхад з канстытуцыйнага тупіку альбо прыгожая ўтопія», якую і адаслаў Шушкевічу.

Тады я выказаў меркаваньне, што «першая (хоць і вельмі суб’ектыўная) прычына, якая ставіць пад сумнеў магчымасьць прыняцьця Вярхоўным Саветам гэтай прапановы Станіслава Шушкевіча, — артыкул 9 праекту Закону аб Канстытуцыйнай асамблеі. Яна прадугледжвае, што кандыдатамі ў члены Асамблеі «ня могуць быць вылучаныя асобы, якія зьяўляюцца народнымі дэпутатамі Рэспублікі Беларусь». Ужо першая рэакцыя дэпутатаў на пакет дакумэнтаў паказала, што шмат хто зь іх бачыць у прапанове Шушкевіча відавочны падвох. Валодаючы роўнай зь цяперашнім Вярхоўным Саветам легітымнасьцю, Асамблея аднойчы можа «перацягнуць» на сябе функцыі заканадаўчай улады. Як мінімум, Асамблея можа настаяць на тым, каб менавіта яна прыняла новы закон аб выбарах. Вывесьці з-пад свайго ўплыву такі важны закон — з гэтым наўрад ці пагодзіцца як пракамуністычная большасьць, гэтак і Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту».

І далей: «У сёньняшнім складзе Канстытуцыйнай камісіі знаходзяцца найбольш уплывовыя дэпутаты, якія ўзначальваюць парлямэнцкія фракцыі — да гэтага часу яны мелі, хай і вельмі абмежаваную, магчымасьць дадаваць канцэптуальныя ідэі сваіх партый ў праект Канстытуцыі. З утварэньнем Асамблеі ступень іх асабістага ўзьдзеяньня, безумоўна, зьменшыцца. З другога боку, менавіта амбіцыі лідэраў партый, якія не зьяўляюцца дэпутатамі, могуць павярнуць грамадзкую думку на карысьць Асамблеі, паколькі абраньне ў Асамблею істотна падвышае іх шанцы і магчымасьці прайсьці ў новы парлямэнт».

У гэтых сказах я ў даволі спакойнай, непрадузятай форме паспрабаваў патлумачыць, чаму ў такім варыянце не зацікаўленыя ніякія прадстаўленыя ў парлямэнце палітычныя сілы.

Што да канкрэтна нашых інтарэсаў, дык прапанова Шушкевіча фактычна зводзіла ўплыў парлямэнцкай Апазыцыі БНФ да нуля. Акрамя таго, яна ўтрымлівала патэнцыйную пагрозу стварэньня напружанасьці ў самім Народным Фронце (зьяўленьне новага «цэнтру сілы» ў выглядзе членаў Асамблеі), а гэта было абсалютна недапушчальна ў часе, калі патрабавалася адзінства ўсіх дэмакратычных сілаў, ня кажучы ўжо пра адзінства БНФ. Тое самае тычылася і Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, якая мела сваю фракцыю ў парлямэнце (дэпутаты-грамадоўцы ўваходзілі ў склад парлямэнцкай Апазыцыі БНФ).

З гэтага варыянту выйгравала толькі «трэцяя сіла», на якую і рабіў стаўку Шушкевіч (хоць ён ніколі так і не патлумачыў, на якія канкрэтна палітычныя партыі ці рухі ён жадае абапірацца. Увесь час казаў, што не на камуністаў і не на Народны Фронт).

Аднак мой скепсіс адносна прапановы Шушкевіча быў выкліканы і больш, так бы мовіць, глябальнай прычынай, чым патэнцыйны раскол у шэрагах БНФ. Існавалі вялікія сумневы ў тым, што склад Асамблеі будзе істотна адрозьнівацца ад складу Вярхоўнага Савету.

«Шушкевіч прапануе правесьці выбары ў Асамблею паводле Закону «Аб выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь» — таго самага закону, паводле якога ўвесну 1990 году быў абраны цяперашні парлямэнт (адзіная зьмена — ня будуць прадстаўленыя 50 дэпутатаў ад арганізацый вэтэранаў і інвалідаў), — пісаў я ў аналітычнай запісцы. — Такім чынам, захоўваюцца ў ранейшых межах выбарчыя акругі, застаецца ранейшай працэдура зацьвярджэньня выбарчых камісій. Прыгадваюцца вартыя жалю пэрыпэтыі трохгадовай даўніны (выбары 1990 — Удакладненьне 2018 г.), зьвязаныя зь недасканаласьцю (магчыма, наўмыснай недасканаласьцю) Закону».

Гэтыя пэрыпэтыі выбарчай кампаніі ў Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня я пералічыў: «Мясцовая намэнклятура па сваім жаданьні фармавала выбарчыя камісіі. Для вылучэньня кандыдатаў па месцы жыхарства неабходна было сабраць ня меней чым 300 грамадзянаў з абавязковай прысутнасьцю мясцовай улады (апошнія часта не прыходзілі). Камісіі на прыдуманых падставах адмаўляліся рэгістраваць некаторых кандыдатаў. Кандыдаты ня мелі роўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі. Нарэшце, практычна бескантрольная магчымасьць фальсыфікацыі вынікаў выбараў».

І выснова: «Калі ўлічыць, што практычна ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі пракамуністычная намэнклятура займае кіруючыя пазыцыі, палітычная актыўнасьць насельніцтва невысокая, тэлебачаньне і радыё, значная частка газэтаў падпарадкаваныя дзяржаве — вынік галасаваньня няцяжка прадбачыць. Абраная паводле цяперашняга закону Асамблея будзе мала чым адрозьнівацца аб Вярхоўнага Савету; значыць, і верагоднасьць прыняцьця Канстытуцыі ў яе дэмакратычным варыянце набліжаецца да нуля».

Ну але галоўнае, як бачылася тады — «відавочна, рэальная магчымасьць прыняцьця новай Канстытуцыі зьявіцца толькі пасьля правядзеньня новых парлямэнцкіх выбараў. Менавіта такі шлях і прапануе дэмакратычная апазыцыя: прыняцьце Закону аб выбарах, які гарантуе квоту ад партый і палітычных рухаў, правядзеньне не пазьней за вясну 1994 году выбараў і ўжо затым — прыняцьце Канстытуцыі».

Вось такі альгарытм канстытуцыйнага працэсу мы прапаноўвалі. Памыліўся я толькі ў тым, што насамрэч Канстытуцыя ўсё ж была прынятая нашым Вярхоўным Саветам — у немалой ступені дзякуючы таму, што ў кастрычніку Шушкевіч ізноў пайшоў у фарватэры патрабаваньняў пракамуністычнай большасьці і прысьпешыў гэты самы канстытуцыйны працэс.

Разьвязка надыдзе ўжо ў наступным годзе, калі новаабраны сьпікер Мечыслаў Грыб назаве сваёй першачарговай мэтай як найхутчэйшае прыняцьце Канстытуцыі і, не зважаючы на папярэджаньні дэпутатаў БНФ пра пагрозу дыктатуры, большасьць Вярхоўнага Савету прыме «прэзыдэнцкую» Канстытуцыю.

У дзень яе прыняцьця 15 сакавіка 1994 году, выступаючы на сэсіі, я назаву такі Асноўны закон «бомбай, якая ўзарве грамадзтва» — яшчэ толькі адчуваючы, але нават не ўяўляючы і ўвесь маштаб узрушэньняў, і іх працягласьць у часе, на дзесяцігодзьдзі. Віктар Ганчар ужо тады абурыўся маімі словамі.

У чарговую гадавіну прыняцьця Канстытуцыі, 15 сакавіка 2018 году, Мечыслаў Грыб у інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода Віталю Цыганкову скажа, што «сёньня я мяркую так, што кідацца ў прэзыдэнцкую форму кіраваньня было небясьпечна».

Правільнае меркаваньне. На жаль, запозьненае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG