У Мікалаеўскай вобласьці затрымалі грамадзяніна Беларусі, кіроўцу мікрааўтобуса Mercedes Sprinter, пры ўдзеле якога 4 кастрычніка адбылася аварыя з сямю пацярпелымі. Пра гэта паведамляе ўкраінская паліцыя.
«Вырашаецца пытаньне аб паведамленьні яму пра падазрэньне ў зьдзяйсьненьні злачынства, пасьля чаго суд абярэ меру стрыманьня», — адзначаюць праваахоўнікі.
Беларусу пагражае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў з пазбаўленьнем права кіраваць транспартнымі сродкамі на тэрмін да трох гадоў.
За пацярпелымі ў аварыі беларусамі сёньня раніцай у Мікалаеўскую вобласьць накіраваліся тры рэанімабілі Гомельскай абласной клінічнай бальніцы, паведамляе БЕЛТА. Меркавана, чатырох беларусаў транспартуюць у Беларусь, дзе іх працягнуць лекаваць беларускія мэдыкі. Яшчэ двое пацярпелых застануцца пад наглядам лекараў аддзяленьня рэанімацыі Крываазерскай цэнтральнай раённай бальніцы. Паводле ўкраінскіх мэдыкаў, стан пацыентаў стабільны, іх жыцьцю нічога не пагражае.
4 кастрычніка прыкладна а 6-й раніцы на 290 км аўтадарогі «Адэса-Кіеў», каля Крывога Возера Мікалаеўскай вобласьці, мікрааўтобус «Мэрсэдэс-Бэнц Спрынтар» на беларускіх нумарах сутыкнуўся з грузавым пад'ёмным кранам Mitsubishi, які рухаўся наперадзе ў спадарожным кірунку.
У салёне мікраааўтобуса знаходзіліся восем чалавек. Шэсьць грамадзян Беларусі ва ўзросьце ад 43-х да 66-ці гадоў (у тым ліку кіроўца мікрааўтобуса) і яшчэ адзін пасажыр, 30-гадовы жыхар Кіева, з траўмамі рознай ступені цяжкасьці былі дастаўленыя ў мясцовую бальніцу, двое зь іх знаходзяцца ў рэанімацыі. Яшчэ адзін пасажыр пасьля сутыкненьня перасеў у іншы аўтамабіль, інфармацыя пра ягоны стан невядомая.