Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўжо тысячы назіральнікаў за птушкамі. Адкуль гэты бум?


Назіраньне за птушкамі падчас "Фэсту кулікоў" у Тураве, 2016 год
Назіраньне за птушкамі падчас "Фэсту кулікоў" у Тураве, 2016 год

За 2018 год у Беларусі стала на 300 бэрдвотчараў болей. Напярэдадні Сусьветных дзён назіраньня за птушкамі 6 і 7 кастрычніка Свабода высьветліла, адкуль у краіне бум назіраньня за птушкамі і як такое хобі зьмяняе грамадзства.

У рэгіянальных школах бэрдвотчынгу не хапае месцаў

6 і 7 кастрычніка за птушкамі будуць назіраць ва ўсёй Эўропе
6 і 7 кастрычніка за птушкамі будуць назіраць ва ўсёй Эўропе

У пачатку 1990-х у Беларусі было некалькі дзясяткаў назіральнікаў за птушкамі. Збольшага гэта былі навукоўцы-арнітолягі. Цяпер ідзецца пра пару тысяч бэрдвотчараў. Летась у Сусьветных днях назіраньня за птушкамі ад Беларусі ўзялі ўдзел 2200 чалавек. Больш удзельнікаў было толькі ў дзьвюх краінах Эўропы — Вугоршчыне і Швайцарыі.

«У Беларусі гэты рух набірае папулярнасьць зараз, — распавёў Свабодзе спэцыяліст па прыродаахоўных пытаньнях АПБ і выкладчык у школе бэрдвотчынгу Сямён Левы. — Мы ўжо можам нават казаць пра тысячы бэрдвотчараў».

Сапраўдны бум здарыўся сёлета. Увесну ў Менску прайшла Акадэмія бэрдвотчынгу. На гэтым курсе вучаць вызначаць да 300 відаў птушак, якія сустракаюцца ў Беларусі. Потым школы бэрдвотчынгу прайшлі ў дзесяці гарадах Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей. Агулам іх наведала больш за 300 чалавек. У Маларыце, Берасьці і Гомлі групы былі перапоўненыя.

«Думаю, гэта зьвязана з тым, што людзі ўсё больш цікавяцца прыродай, — кажа Аляксандар Вінчэўскі, дырэктар ГА „Ахова птушак Бацькаўшчыны“. — А гэтая ніша пустая, бо ніхто раней не вучыў бэрдвтотчынгу».

Кожны чацьвёрты назіральнік за птушкамі — айцішнік

Назіраць за птушкамі можна і ў гарадах. За ўвесь час назіраньняў у Менску было зарэгісравана 2/3 усіх відаў Беларусі
Назіраць за птушкамі можна і ў гарадах. За ўвесь час назіраньняў у Менску было зарэгісравана 2/3 усіх відаў Беларусі

У Заходняй Эўропе апошнімі гадамі пачалася мода на бэрдвотчынг сярод міленіялаў. The Guardian пісаў летась пра «зьяўленьне гіпстэра-бэрдвотчара». Згодна са статыстыкай, 32% брытанскіх юнакоў ва ўзросьце ад 16 да 25 год адмыслова выбіраліся назіраць за птушкамі.

У Беларусі гэтае хобі таксама вабіць перадусім маладых. Паводле Сямёна Левага, палову ўсіх наведнікаў школы і акадэміі бэрдвотчынгу складалі людзі ўзростам 20–35 гадоў. Большасьць зь іх айцішнікі, эканамісты, бухгальтары, інжынэры.

«Людзей, што працуюць у ІТ, каля чвэрці ад усіх наведнікаў, — кажа Сямён Левы. — Яны хочуць хобі, зьвязанага з рэальным сьветам, а не віртуальным, як іхная праца».

Яшчэ дзьве вялікія групы — гэта маладыя мамы і людзі пэнсійнага ўзросту, якія хочуць вызначаць птушак на сваіх лецішчах.

«У Брытаніі ды іншых заходніх краінах вельмі шмат пажылых людзей, — кажа Сямён Левы. — Калі яны выходзяць на пэнсію, бэрдвотчынг ім добрая нагода выбірацца ў падарожжа».

У АПБ упэўненыя, што мода на бэрдвотчынг мае прывесьці да зьменаў у грамадзтве.

«Ніхто ня хоча жыць сярод пустэльні, — кажа Сямён Левы. — Чым больш людзі будуць рупіцца пра захаваньне натуральных месцаў жыхарства птушак, тым лепш гэта будзе для грамадзтва».

Якая вы птушка? Прайдзіце тэст

Таксама дадавайце сабе «птушыныя»​ стыкеры ў Telegram.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG