Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагроза санкцыяў ЗША сарвала пастаўкі расейскіх самалётаў у Інданэзію


Расейскі зьнішчальнік Су-35, ілюстрацыйнае фота
Расейскі зьнішчальнік Су-35, ілюстрацыйнае фота

Расеі давядзецца адкласьці пастаўку шматфункцыянальных зьнішчальнікаў Су-35 у Інданэзію праз ускладненьні, зьвязаныя з амэрыканскімі санкцыямі, паведаміла расейская газэта «Коммерсант» са спасылкай на двух топ-мэнэджэраў расейскіх абаронных прадпрыемстваў і крыніцу, блізкую да ўраду.

Як паведамляецца, дамова паміж Расеяй і Інданэзіяй на пастаўку 11 зьнішчальнікаў захавала юрыдычную сілу, аднак яе рэалізацыя будзе адтэрмінаваная. Адна з крыніц газэты назвала сытуацыю «прыкрай», але «не крытычнай».

Перамовы аб пастаўцы пачаліся ў лістападзе 2015 году, але зацягнуліся з прычыны кампэнсацыйных пагадненьняў і афсэтных абавязаньняў. Кантракт на суму 1,1 мільярда даляраў быў падпісаны ў лютым, і Інданэзія разьлічвала атрымаць першыя два зьнішчальнікі да кастрычніка.

Паводле зьвестак «Коммерсанта», Расея асьцерагаецца ўвядзеньня санкцыяў супраць камэрцыйнага банку, які павінен быў удзельнічаць у рэалізацыі кантракту. У той жа час улады ЗША не далі Інданэзіі гарантыяў, што не ўвядуць санкцый ў дачыненьні да яе за супрацоўніцтва з расейскім абаронным сэктарам.

Су-35 — шматфункцыянальны супэрманэўраны зьнішчальнік 4-га пакаленьня. Хуткасьць зьнішчальніка дасягае 2500 км / г, а радыюс баявога прымяненьня — каля 1 600 км. Самалёт таксама абсталяваны гарматай калібру 33 мм і 12 вонкавымі вузламі падвескі ўзбраеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG