Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана на нафту дасягнула максымуму за 4 гады


Міністры энэргетыкі Расеі (зьлева) і Саудаўскай Арабіі.
Міністры энэргетыкі Расеі (зьлева) і Саудаўскай Арабіі.

Цана нафты маркі Brent другія суткі застаецца вышэй за 85 даляраў за барэль, сьведчаць дадзеныя таргоў на біржы ICE. Апошні раз такая цана фіксавалася амаль 4 гады таму.

Паліва даражэе ўжо некалькі месяцаў запар на фоне пагрозы аднаўленьня ў лістападзе санкцый ЗША супраць іранскага экспарту энэрганосьбітаў.

Дадатковым фактарам стала першае за 30 гадоў спыненьне паставак у ЗША сырой нафты з Кувэйту, які вырашыў пераарыентаваць экспарт на больш прыбытковыя азіяцкія рынкі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на днях заклікаў неадкладна прыняць меры для зьніжэньня сусьветных цэнаў на нафту. У гэтай сувязі амэрыканскі прэзыдэнт заявіў, што саудаўскі кароль «не пратрымаецца і двух тыдняў» без дапамогі Амэрыкі, паведамляе Bloomberg. Тым самым кіраўнік Белага дому спрабуе аказаць ціск на манархію з тым, каб дамагчыся ад яе зьніжэньня коштаў на энэрганосьбіты.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, выступаючы ў сераду на форуме «Расейскі энэргетычны тыдзень» у Маскве, заявіў, што рост цэнаў на нафту — гэта «прамое сьледзтва палітыкі ЗША», у прыватнасьці, адносна Ірану.

Як паведамляе ў сераду агенцтва Reuters са спасылкай на чатыры знаёмыя са справай крыніцы, Расея і Саудаўская Арабія ў верасьні ў непублічным парадку дамовіліся аб павышэньні здабычы нафты, каб стрымаць рост цэнаў. Яны паінфармавалі пра сваё рашэньне Вашынгтон. Суразмоўца агенцтва заўважвыў, што Масква і Эр-Рыяд пастараліся не афішаваць сваю дамоўленасьць, каб яна не выглядала так, нібыта бакі ідуць насустрач пажаданьням кіраўніка Белага дому.

Іншая крыніца адзначыла, што саудаўцы заявілі пра гатоўнасьць нарошчваць аб’ёмы вытворчасьці нафты па просьбе кліентаў.

Днём у сераду нафта Brent працягвае гандлявацца каля рэкордных за чатыры гады адзнакаў. Пры гэтым напярэдадні Reuters паведамляла пра тое, што Расея апошнім часам рэзка павялічыла здабычу нафты: паводле дадзеных агенцтва, штодзённая здабыча цяпер амаль 11,5 мільёны барэляў у суткі — на 160 тысяч барэляў больш ліміту, устаноўленага пагадненьнем АПЕК+. Гэта рэкордны паказчык за 30 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG